Анастасія Кіцель

Гродзенская прадпрымальніца Анастасія Кіцель распавяла «Народнай Волі», як у самы цяжкі час пандэміі ўдалося не страціць сямейны бізнес і далей трымаць справу.

«Хацелася чагосьці новага і свайго»

Анастасія Кіцель паводле адукацыі настаўніца рускай мовы і літаратуры. Заняцца бізнесам яна вырашыла ў 2014 годзе, пасля таго як двойчы пасядзела ў дэкрэце. Да гэтага пяць гадоў адпрацавала ў школе і вырашыла туды не вяртацца: малыя заробкі, шмат пустой пісаніны, справаздачнасці, казённая атмасфера ў калектыве. Бацькі жанчыны, якія ўсё жыццё адпрацавалі на дзяржаўнай рабоце, дачку не падтрымалі, але і моцна не пярэчылі. Галоўнае, што на яе баку быў муж Дзяніс, які пасля заканчэння тэхнікума сам займаўся прадпрымальніцтвам у галіне электронікі. І ўвогуле, хацелася нечага новага і свайго.

Анастасію зацікавіла ідэя дзіцячых пакояў для гульняў: бацькі, якім трэба адысці па сваіх справах, могуць на некалькі гадзін пакінуць дзіцёнка ў такім пакоі, дзе малому ёсць чым пазабавіцца і за ім ёсць догляд. У Гродне на пачатку 2000-х такая дзейнасць была ў навінку. Рабіліся кволыя спробы стварыць нешта падобнае, але канкурэнцыі не назіралася.

«Магчыма, я не зусім бізнесмен…»

Параіўшыся з мужам, Анастасія разам са знаёмай узяла ў арэнду памяшканне і занялася новай справай. Спачатку гэта быў адзін пакойчык, у якім тата і муж зрабілі рамонт, абсталявалі ўсім неабходным.

– Тады прынесла з хаты цацкі, гульні і забаўкі, якімі карысталіся мае дзеці, – распавядае жанчына. – Сродкаў на развіццё было няшмат, але ў галаве ўжо былі планы, як і што далей уладкоўваць.

Першымі ў дзіцячы пакой дзетак сталі прыводзіць знаёмыя, сяброўкі, пакідаючы на некалькі гадзін. Затым пачалі ладзіць вечарыны, святкаванне дзён нараджэння. Кошты былі ад 5 да 15 рублёў у залежнасці ад часу, на які пакідалі дзіця. Калі ў пакоі адзначаўся дзень нараджэння, то кошт мог складаць ад 60 да 100 рублёў.

Справа пачала хутка развівацца. Ужо пасля двух месяцаў працы Анастасія спакойна магла заплаціць за камунальныя паслугі і арэнду памяшкання.

– Працавалі без выхадных і перапынкаў, былі апантаныя новай справай, – згадвае Кіцель.

І хаця жанчына скромнічае, што яна не зусім бізнесмен, не вельмі сябруе з матэматыкай, бухгалтэрыяй, не ўмее пралічваць наперад прыбыткі і выдаткі, але ўсё ж заробленыя грошы пачала ўкладваць у развіццё бізнесу.

– Мая кампаньёнка не разумела, чаму даходы, атрыманыя ў выніку такой цяжкай працы, трэба не дзяліць паміж сабой, а пастаянна набываць новыя і новыя рэчы ў пакой, – распавядае Анастасія. – Сумесны бізнес у нас не атрымаўся, бо каляжанка не вытрымала такой гонкі.

Пра сябе жанчына кажа, што яна працаголік, не вельмі патрабавальная ў быце, не аматарка шопінгаў і пустых забаў, умее цярпець і ёй вельмі падабаецца работа з дзецьмі. Працягвала працаваць без перапынкаў і выхадных, уладкоўвала дзіцячы пакой. Тады шмат чаго цікавага можна было прывезці з Польшчы. Некаторыя рэчы заказвала праз пошту, нехта нешта прывозіў з іншых краін.

Праз два гады адкрылі яшчэ адзін пакой для забаў, а яшчэ праз год – трэці. Кожнае памяшканне было не менш за 100 квадратных метраў, за арэнду даводзілася плаціць да 15 еўра за метр. У Анастасіі працавалі 10 наёмных работнікаў. Муж кінуў сваё прадпрымальніцтва, якое не вытрымлівала канкурэнцыі, і пачаў працаваць разам з жонкай. Бізнес стаў сямейным, пашыралася поле дзейнасці.

– У адным з пакояў арганізавалі міні-садок для самых маленькіх. Набылі касцюмы казачных герояў і пачалі ездзіць з аніматарамі па заказах на кватэры, ладзілі святы для дзяцей на прыродзе, – распавядае Анастасія. – Не скажу, што мы сталі вельмі багатыя, але я ўжо зарабляла больш, чым у школе. І задавальненне ад працы атрымлівала значна болей.

Усё спыніў каранавірус

Бяда прыйшла зусім нечакана. Падчас вельмі страшна было глядзець па тэлевізары, як людзі ва ўсім свеце цярпяць ад каранавіруса. Нягледзячы на тое, што афіцыйна ў Беларусі каранцін не аб’яўлялі, бацькі перасталі прыводзіць дзетак у дзіцячы пакой, запланаваныя ўрачыстасці таксама адмяняліся.

– Я спачатку нават уявіць не магла, што наступствы могуць быць такімі разрушальнымі, – прызнаецца Анастасія. – Але дзяцей перасталі прыводзіць, амаль усе запланаваныя дні нараджэння адмяніліся. Перадаплату людзям вярталі.

Велізарную арэнду і шалёныя камунальныя аплачваць давялося ўжо не з прыбыткаў, а з уласных накапленняў. Наступны месяц прынёс такія ж расходы і амаль ніякіх даходаў.

– Мы былі ў стрэсе, я вельмі хвалявалася, не магла нармальна спаць, – успамінае Анастасія. – Праз месяц была вымушана сказаць работнікам, што ім давядзецца ісці ў адпачынак за свой кошт.

Атрымаць дапамогу ад дзяржавы таксама не ўдалося, паколькі падобныя субсідыі выдаваліся толькі ў выпадку, калі дзейнасць арганізацыі працягваецца, а значыць, і выплачваецца заробак наёмным работнікам.

«Я вельмі ўдзячна маім блізкім…»

Самым складаным было аплачваць арэнду і камунальныя паслугі.

– Я папросту не ведала, што рабіць, і пайшла да арэндадаўцаў, патлумачыла сітуацыю, прапанавала значна знізіць плату, – распавядае Анастасія – Двое, разумеючы сітуацыю, пайшлі на саступкі, а вось трэці гаспадар праз некалькі месяцаў прыпыніў арэнду, а пазней і скасаваў.

Было вельмі крыўдна і шкада, успамінает жанчына: у тым пакоі ў гандлёвым доме «Нёман» знаходзілася дарагое абсталяванне, было шмат гульняў, адмысловая мэбля – на гэта было патрачана шмат грошай. У выніку усё давялося звезці ў гараж.

Цяпер паўставала пытанне, як утрымаць два памяшканні, што засталіся. Апошнія ўласныя зберажэнні Анастасія аддала за арэнду, камунальныя, падаткі, адлічэнні ў фонд сацыяльнай абароны і засталася адна на два дзіцячыя пакоі.

Нягледзячы на пандэмію, некаторыя сталыя кліенты ўсё ж прыводзілі дзетак, калі ў іх было бязвыхаднае становішча. І, што вельмі падтрымлівала, многія з іх прапаноўвалі дапамогу, паколькі разумелі, у якую сітуацыю трапіла Анастасія.

– Тады я выходзіла на працу ў любы час, калі мяне прасілі, атрымлівала падчас мізэрныя грошы, але кожны дзень імкнулася хоць нешта зарабіць, каб у канцы месяца зрабіць аплаты, – гаворыць Анастасія. – Часам цэлы дзень даводзілася сядзець з адным дзіцём, але я разумела, што і гэта заробак.

Анастасія прызнаецца, што ёй вельмі хацелася захаваць свой бізнес, бо тое, што ўдалося стварыць, стала любімай справай. Але яе ўвесь час тачылі думкі, што магчыма сітуацыя, калі наогул давядзецца шукаць новую працу. Праўда, зусім нечакана і на лета 2020 года арэндадаўцы прапанавалі нізкія стаўкі.

Муж адразу, як з’явіліся цяжкасці, пачаў шукаць іншую працу, але гэта аказалася не так проста. Давялося пайсці ў таксісты. Заробак складаў прыкладна 500 рублёў у месяц, але з гэтага сям’я магла заплаціць за сваю кватэру і яшчэ нешта набыць з харчоў. Праз тры месяцы муж знайшоў працу ў «Гроднажылбудзе» і стаў прыносіць большы заробак.

– Я вельмі ўдзячна маім блізкім людзям, якія нас тады не кінулі, мы наш бізнес усёй сям’ёй ратавалі, – кажа жанчына. – Бацькі дапамагалі, каб мы з дзеткамі не заставаліся без сродкаў для існавання. Не ўяўляю, як бы мы без іх дапамогі абышліся…

Восень падарыла надзею

Ужо ў верасні і кастрычніку 2020 года, паводле слоў маёй суразмоўніцы, нешта пачало змяняцца. З’явіліся кліенты, пакоі хоць і паволі, але напаўняліся дзіцячымі галасамі. Праўда, арэндадаўцы не прымусілі сябе чакаць і сталі ўзнімаць плату. Тым не менш Анастасія змагла ўзяць на працу яшчэ адну адміністратарку і выхавацельку.

– Кліенты пачалі звяртацца, але ў нашым бізнесе пакуль не ўсё так добра, як хацелася б. І ўсё ж тая восень падарыла надзею, – падсумоўвае гаспадыня дзіцячых пакояў.

Зімой, як заўважае спадарыня Кіцель, людзі ўжо пачалі прывыкаць да каранавіруса, разумець, што ён надоўга, і пачалі вучыцца жыць з ім. Зноў з’явіліся заказы на арганізацыю дзіцячых святаў, мамы пачалі часцей пакідаць малых у дзіцячых пакоях.

Праўда, большасць былых работніц на працу не вярнулася: нехта за гэты час пайшоў у дэкрэтны адпачынак, а нехта наогул пакінуў краіну і працуе за мяжой.

– Я паціху набіраю новых выхавацелек і пачынаю наноў выбудоўваць сваю дзейнасць, – кажа Анастасія Кіцель. – Пакуль людзям будуць патрэбны мае паслугі – буду працаваць.

Публікацыя – з № 67 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: