Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

У дачнай пабудове ў вёсцы Лапічы Буда-Кашалёўскага раёна зладзеі разабралі сцяну хаты, каб выкрасці прадукты з лядоўні. Узбуджана крымінальная справа.

Галодных злодзеяў гайня
Па-воўчы рыскала ў гародзе,
Бо голад цётцы не раўня –
Гавораць гэтак у народзе.
Але ў гародзе, як назло,
Былі зусім пустымі грады,
Адно што зелле там расло –
Яму зламыснікі не рады.
Чаму ж для іх аблом такі?
Гаспадары ўжо год каторы
Тут не садзілі агуркі
І не расцілі памідоры.
Не мелі цягі да зямлі
(Таму зямля быллём і плача)
І ў вёсцы гэтай не жылі,
А тая хата – проста дача.
Не кожны дзень гаспадары
Наведвалі куток забіты:
За месяц два разы ці тры
Сюды наносілі візіты.
Занятак быў у іх які?
Само сабой, па чарцы бралі
І гатавалі шашлыкі,
Тым больш калі былі з сябрамі.
Таму ў лядоўні заўсягды
Былі харчовыя запасы.
Зладзюгі ўчулі пах яды,
З іх кожны ласы на каўбасы.
Ды толькі хата на замку,
А той замок трывалы надта –
Зламаць не ўдасца й мацаку,
Хіба што рады дасць граната.
– Магчымасць бачу я адну
Ажыццявіць свае намеры:
Лягчэй нам разабраць сцяну,
Чым трапіць да яды праз дзверы, –
Падаў ідэю іх важак. –

Бяромся, хлопцы, за работу!
Каб апасля паесці ўсмак,
Яны ўвіхаліся да поту.
І сапраўды крычалі «ўра»,
Калі пашарылі ў лядоўні:
Былі там чорная ікра
І паляндвіцы пояс доўгі.
Іх ахапіў экстаз, калі
З лядоўні вынырнула й пляшка…
Зладзюг пакуль што не знайшлі,
Аднак знайсці, бадай, няцяжка.
Чакае злыдняў баланда,
А не ікра і паляндвіца.
Гаспадароў гняце нуда,
Ім, небаракам, дрэнна спіцца.
Што з хаты выкралі яны
Харчы, няма вялікай страты.
Гаспадарам шкада сцяны,
Бо без сцяны няма і хаты.

***

Я абібокам намякну:
Не разбіраць у хаце трэба,
А трэба будаваць сцяну,
Каб зарабіць на лусту хлеба.

Вочы

Вялікія ў жанчыны вочы,
Каб і адкрыта, і тайком,
І днём, і нават сярод ночы
Сачыць за ўласным мужыком.
Чаму ў мужчын малыя вочы?
На гэта не пралью святло,
Ды выдам варыянт рабочы:
Каб выдраць іх цяжэй было…

Бясконцыя пошукі

Няшчасная доля такая –
З начальствам заўжды варагую:
Спярша справядлівасць шукаю,
А потым – работу другую…

Харошы шлюб

Ад жанчыны пачуў кагадзе:
– Я лічыцьму, што шлюб харошы,
Калі бачыцьму мужа радзей,

А часцей – ягоныя грошы.

Асіная талія

Ты пазнаёміўся з дзяўчынай,
А тая з таліяй асінай?
Падстаў для захаплення мала:
Там у камплекце ёсць і джала…

Шчасце і чарка

У сябра я змушаны ўкрасці
Падслуханы выраз, бо яркі:
«Разбітая чарка – да шчасця,
Разбітае шчасце –да чаркі…»

Публікацыя – з № 67 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: