Аляксандр Дуброўскі

На мінулым тыдні ў Сетцы з’явілася інфармацыя аб звальненні Аляксандра Дуброўскага. Ён працаваў выкладчыкам на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта 11 гадоў. Вось што ён распавёў у інтэрв’ю «Народнай Волі».

– Што стала прычынай вашага звальнення? – з такого пытання пачалася наша размова.

– Калі глядзець з юрыдычнага боку, то прычынай звальнення з’яўляецца мая заява, у якой я выказаў жаданне спыніць кантракт па пагадненні бакоў. Але ўсё не так проста. Яшчэ ў жніўні 2020 года (калі не раней) я стаў разумець, што сітуацыя ў краіне непасрэдна ўплывае на тое, як я адчуваю сябе ў прафесіі. Хаця я не журналіст, а філолаг, літаратуразнаўца. Але, па-першае, я працаваў на факультэце журналістыкі. Па-другое, хаця і няма ў мяне вялікага жадання пра гэта гаварыць, але мой непасрэдны начальнік, загадчык кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання прафесар Віктар Іванавіч Іўчанкаў, сваімі словамі і паводзінамі за доўгі час пераканаў мяне, што ягонае служэнне дзяржаўнай ідэалогіі шчырае і не з’яўляецца проста чымсьці фармальным, чаго ад яго патрабуе пасада. Такім чынам, я бачыў, што паўстаюць тры фактары: сітуацыя ў краіне, спецыфіка факультэта журналістыкі і асоба загадчыка кафедры. Калі б не было ўсіх вось гэтых трох фактараў, у мяне не ўзнік бы план звольніцца. Пра гэта я падумаў яшчэ год таму, пра што адразу і сказаў Віктару Іўчанкаву. Але, па-першае, ужо не заставалася часу да пачатку навучальнага года, па-другое, загадчык кафедры выказаў жаданне, каб я працягнуў працу, і нават стварыў для гэтага пэўныя ўмовы. У прыватнасці, ён зняў з мяне тую нагрузку, якая мяне не задавальняла. Праўда, трэба сказаць, што тады я фармуляваў свае думкі вельмі дыпламатычна і зусім не абмяркоўваў з ім яго погляды і перакананні, тым больш самі па сабе яны – не падстава меркаваць пра тое, можна ці нельга працаваць з чалавекам. Хоць пра свае погляды я выказаўся падчас размовы з ім надзвычай падрабязна і выразна. Таму далейшыя яго дзеянні ўсё ж такі мяне здзівілі.

Сёлета заканчваўся мой кантракт і тэрмін абрання па конкурсе. Адпаведна была запушчана працэдура пераабрання, і яна паспяхова завяршылася, а менавіта: 7 красавіка адбылося пасяджэнне савета факультэта, на якім я быў абраны (з двума галасамі супраць пры тайным галасаванні). Самае цікавае, што і кантракт (на адзін год) на той момант таксама ўжо быў падпісаны. Але адразу пасля гэтага пасяджэння Віктар Іўчанкаў выклікаў мяне ў свой кабінет і стаў, па-першае, задаваць дзіўныя пытанні: напрыклад, буду я звальняцца ці не, хаця сам факт таго, што я не адмовіўся ад праходжання па конкурсе і падпісаў кантракт, павінен быў бы зняць такое пытанне. Па-другое, ён абвінаваціў мяне ў парушэнні карпаратыўнай этыкі, а менавіта – у падпісанні нейкага калектыўнага звароту. Я сапраўды падпісваў звароты, але ўсё, што было ў гэтых зваротах, не можа кваліфікавацца як неэтычнае. У мяне нават было падрыхтавана сустрэчнае пытанне: «А чаму я не бачыў там вашых подпісаў, Віктар Іванавіч?» Але я быў настолькі ўражаны фармулёўкай пра парушэнне карпаратыўнай этыкі, што нават не паспеў гэтае пытанне задаць і ў той жа момант паабяцаў, што звольнюся сам, таму што адчуў літаральна фізічную немагчымасць працягваць працаваць у такой сітуацыі.

– На думку загадчыка кафедры Віктара Іўчанкава, вы парушылі этычны кодэкс. А што канкрэтна? І чаму вы з гэтым не згодны? 

– Цяпер сапраўды пішуцца нейкія «правілы паводзін» супрацоўнікаў у тых ці іншых установах. І загадчык кафедры нават паспрабаваў спаслацца на нейкі з гэтых дакументаў. Але нават і ў такіх дакументах немагчыма знайсці фармулёўку пра забарону падпісання калектыўных зваротаў. І калі б яна там нават была, я ўсё роўна не палічыў бы, што парушаю этычны кодэкс. Баюся, што ўяўленні пра этыку ў некаторых людзей цяпер вельмі скажоныя.

– Вы працавалі на журфаку 11 гадоў. Ці былі да вас прэтэнзіі раней? Ад загадчыка кафедры, адміністрацыі ўніверсітэта, дэкана… Можа, былі прэтэнзіі да вас як да выкладчыка?

– Я не магу ўспомніць ніякіх прэтэнзій прафесійнага плана.

– Як адрэагавалі на ваша звальненне калегі, студэнты?

– Я сустрэў разуменне сваёй пазіцыі, але некаторыя палічылі, што я павінен быў «змагацца», каб застацца на працы. Я абсалютна не разумею, за што я там павінен быў змагацца. У іншых выпадках пазіцыя людзей, якія змагаюцца, нешта абскарджваюць і гэтак далей, мне цалкам зразумела. Але гэта не мой выпадак. Пры гэтым хачу падкрэсліць, што абсалютная большасць калег – надзвычай адэкватныя людзі, якія, як мне здаецца, усё разумеюць проста цудоўна.

– Не шкадуеце, што прыйшлося звольніцца?

– Я лічу, што гэта было проста непазбежна. Таму не шкадую.

– Што плануеце рабіць цяпер?

– Займуся самаадукацыяй. Нават мая асабістая бібліятэка дазваляе гэта рабіць з вялікім поспехам. У прыватнасці, удасканальваю сваю старажытнагрэчаскую мову. 

– Ці не збіраецеся з’язджаць з Беларусі?

– З’язджаць я ніколі не планаваў.

Публікацыя – з № 67 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: