Гуцэрыеў не можа з-за санкцый рэалізаваць амбіцыйны праект

Пад пагрозай замарожвання аказалася будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага камбіната, які будаваўся на крэдытныя сродкі Кітая пад гарантыю беларускага ўрада. Кітай у сувязі з санкцыямі замарозіў выдачу наступных траншаў крэдыту, будаўнічыя кампаніі з’язджаюць з пляцоўкі, піша “Наша Ніва”.

З канца чэрвеня прыпыненыя будаўнічыя работы — на праект выкарыстана ўжо 820 мільёнаў даляраў, але яшчэ 580 завіслі на кітайскім баку. «Слаўкалій» летам не атрымаў з іх чаканы транш у 103 мільёны даляраў з прычыны ўведзеных санкцый.

Кампанія Міхаіла Гуцэрыева разам з беларускімі дзяржаўнымі структурамі спрабуе пераканаць крэдытораў вырашыць праблему.

Гуцэрыеў не можа з-за санкцый рэалізаваць амбіцыйны праект
Будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага камбіната

Склаўся цэлы санкцыйны пасьянс: пад забарону трапіў як сам Гуцэрыеў, так і Беларусбанк, які з’яўляецца крэдытным аператарам, праз якога кітайскія грошы аказваюцца ў «Слаўкалія» — драбнейшыя прыватныя банкі проста не падыходзяць па патрабаваннях для здзелкі са шматмільённымі транзакцыямі.

Крыніцы паведамляюць, што забудоўшчыкі з’язджаюць з пляцоўкі, «Слаўкалій» мае перад імі даўгі.

«Нас сабралі на нараду і замест канкрэтыкі з аплатай работы прапанавалі браць крэдыты самастойна і дабудоўваць, маўляў, наш бос мільярдэр, для яго гэта «не грошы», ён усё верне, нават калі кітайцы не разлічацца», — распавёў “Нашай Ніве” адзін з забудоўшчыкаў.

Па яго словах, абяцанням веры няма, удзельнікі нарады ўспрынялі гэта як сігнал да згортвання.

Нагадаем, распрацоўка Нежынскага радовішча — амбіцыйны праект Міхаіла Гуцэрыева, якому ў свой час Лукашэнка прапаноўваў удзельнічаць у прыватызацыі Беларуськалія. Але ў выніку ўсё перагулялася і выйшла іначай — у 2011-м дзяржаўныя СМІ рапартавалі, што «расійскі мільярдэр укладзе ў эканоміку рэспублікі 1,5 мільярда даляраў для распрацоўкі Нежынскага радовішча калію пад Любанню».

Па факце Гуцэрыеў узяў у кітайцаў крэдыт на 1,4 мільярды даляраў на будаўніцтва горна-ўзбагачальнага камбіната пад гарантыі беларускага ўрада. Сваіх грошай, па розных ацэнках, ён уклаў ад 250 да 600 мільёнаў даляраў.

Поделиться ссылкой: