Учора працягнуўся судовы працэс над прадстаўнікамі каманды экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі, членамі Прэзідыума Каардынацыйнага савета па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам, якіх абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Гэта ч.3 арт.361 (заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі), ч.1 арт.357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч.1 арт.361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім). Ім пагражае да 12 гадоў турмы.

– Адвакат дачкі кажа, што разгляд справы ідзе хуткімі тэмпамі, таму не выключана, што прысуд могуць вынесці нават на гэтым тыдні, – распавёў «Народнай Волі» Аляксандр Калеснікаў, бацька Марыі.

Дарэчы, напрыканцы мінулага тыдня Аляксандр Паўлавіч ўпершыню за год атрымаў магчымасць убачыць дачку – яго выклікалі ў суд. Але падрабязнасцяў ён распавесці не можа, бо знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні.

– Адно магу сказаць: сустрэча была дастаткова нечаканай, адзначае бацька Марыі Калеснікавай. – Я ўбачыў дачку, яе настрой, непаўторную ўсмешку і ўнутраную свабоду.

Маша ў гэтай клетцы проста пырхала, як птушка. Было вельмі прыемна ўбачыць яе традыцыйнае сэрцайка, я не вытрымаў і таксама яго паказаў.

Які ў дачкі настрой? Такі, як быццам яна зараней ведае, што будзе далей. Унутрана яна да гэтага гатова, разумее, чым усё закончыцца.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»