Андрэй Краўчанка. Фота https://www.championat.com

Беларускі лёгкаатлет плануе трэніраваць нямецкіх дзяцей.

Андрэй Краўчанка неаднаразова выказваў сваю пазіцыю з нагоды таго, што адбываецца ў краіне, падпісаў ліст супраць гвалту і за сумленныя выбары.

Напрыканцы мінулага года славуты спартсмен нават патрапіў на 10 сутак у ізалятар часовага ўтрымання.

«Хіба што ў кіно такое бачыў, распавядаў затым Андрэй «Народнай Волі». Рэчаіснасць аказалася больш крутая, чым кінематограф. Нават у страшным сне не мог прысніць, што калі-небудзь апынуся ў такім месцы.

Трэба сказаць, што ўражанні, мякка кажучы, не самыя прыемныя. Камера – два на шэсць метраў, кіслароду не хапала. Пастаянна гарэла яркае святло, харчаванне адпаведнае.

Першыя чатыры дні з шасці раніцы да дзесяці вечара даводзілася стаяць. На ложках сядзець забаранялася, кантралёры ўвесь час прыходзілі і правяралі. А на маленькай лавачцы толькі два чалавекі змяшчаліся.

Сцены былі халодныя, таму да іх таксама не прыхіналіся. Я два дні наогул практычна не спаў. Неяк дрымота адолела, да сценкі прыціснуўся, і справа ледзь не скончылася запаленнем лёгкіх. Тым больш што пасля таго, як нас у ізалятары гналі па калідоры і прымушалі прысядаць і падскокваць, майка ў мяне была цалкам мокрая. Я гадзіну потым паўголы сядзеў, пакуль рэчы сушыліся на батарэі.

Я – падрыхтаваны спартсмен, але нават мне было складана пераносіць такія фізічныя нагрузкі. А як астатнім даводзілася?!

І за кратамі сядзелі не злачынцы, не бандыты, а вельмі прыстойныя і інтэлігентныя людзі – інжынеры, выкладчыкі, навуковыя работнікі, праграмісты, менеджары па продажах… З кім толькі не сустракаўся ў СІЗА!»

Андрэй Краўчанка шчыра прызнаўся: калі і працягне выступаць на спаборніцтвах, то толькі пад нейтральным сцягам.

– Мяне ж, па сутнасці, выгналі са зборнай за грамадзянскую пазіцыю, – адзначае спартсмен.

Адносна не так даўно стала вядома, што Андрэй разам з сям’ёй пакінуў Беларусь – пераехалі ў Германію.

– Мой далейшы лёс будзе залежаць толькі ад мяне, – кажа спартсмен. – Я буду шукаць магчымасць тут трэніраваць. Паколькі ў Беларусі я гэтага рабіць не магу, прыйдзецца трэніраваць нямецкіх дзяцей. А жонка Яна (Яна Максімава – таксама лёгкаатлетка. – Аўт.), думаю, працягне кар’еру тут у якім-небудзь мясцовым клубе.

Патлумачыў сярэбраны прызёр Алімпіяды-2008 і правальнае выступленне беларускіх алімпійцаў на апошніх Гульнях, якія прайшлі ў Токіа:

– У Беларусі ўся сістэма падрыхтоўкі спартсменаў парушана. Няма яе, усё будуецца на індывідуальных якасцях атлетаў, на таленце. Медалёў з кожнай Алімпіядай усё менш і менш.

Таму пакуль не распрацуюць нейкую нармальную сістэму развіцця спорту ў краіне, пакуль кіраваць спортам будуць ваенныя, а не спартсмены, не будзе развіцця.

А пакуль што ўсё дэградуе. Трэнераў не хапае, усё сумна. Лядовых палацаў панабудавалі, а сістэмы няма.

Публікацыя – з № 66 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: