Аляксандр Івулін

Ужо амаль тры месяцы журналіст і ігрок футбольнага клуба «Крумкачы» знаходзіцца за кратамі.

Аляксандр Івулін быў затрыманы 3 чэрвеня, яго абвінавачваюць паводле арт.342 КК РБ «Арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак».

Калегі Аляксандра папрасілі чытачоў падзяліцца інфармацыяй з лістоў, якія ім піша журналіст.

У сваіх лістах Саша паведамляе, што стараецца сачыць за тым, што адбываецца ў беларускім спорце, але з-за адсутнасці незалежных СМІ даводзіцца браць інфармацыю з даволі нечаканых крыніц.

«Будзе стабільна прыходзіць «Прессбол», таму буду зачытвацца некаторымі яго аўтарамі, а пакуль знаёмлюся з творчасцю Мукавозчыка, Канашыца, Гладкай і іншых».

У СІЗА на Валадарскага Аляксандр чытае не толькі прэсу.

«Я тут стараюся чытаць, і ў кнізе «Архіпелаг ГУЛАГ» Салжаніцына мяне закранула такая фраза: «Чалавек з нячыстым сумленнем не можа спакойна легчы спаць». Дык вось я нават тут кладуся спаць спакойна (наколькі гэта магчыма). Галоўнае, што сумленне чыстае.

А яшчэ нядаўна закончыў чытаць «Авіятара» Былінкіна. Напісаў заяўку ў бібліятэку, чакаю літаратуру».

Пра свой побыт Аляксандр Івулін распавядае так:

«Бегаю падчас прагулкі па 45 хвілін у дзень. Праўда, як у Высоцкага, бег пакуль на месцы, але нават ён не ратуе ад лішніх калорый. Адчуваю, пасля вызвалення пачнуцца трэнажоры і дыеты. Што яшчэ рабіць, калі ў пасылках (перадачах) шмат салодкага? Не прападаць жа дабру. Як гаворыцца, жыццё-маліна. Дакладней, тут няма маліны, бо яе нельга перадаваць. Жыццё – цукеркі, шакалад, арэхі і сухая садавіна. І яшчэ шмат-шмат усяго смачнага».

Журналіст трымаецца аптымістычна і нават падбадзёрвае тых, хто на волі.

«Самае галоўнае – не трэба сумаваць, – піша ён. – Я ж амаль заўсёды ўсміхаюся, і вы рабіце гэтак жа.

Я трымаюся тут і стараюся не падаць духам. Наадварот, атрымліваю задавальненне ад дробязяў. Напрыклад, падчас прагулкі, калі пайшоў дождж, бег і кайфаваў. Альбо – закідваеш у аўсянку М&М’s, глядзіш, як яна робіцца рознакаляровай і атрымліваеш задавальненне. Або жуеш арахіс з перадачы і разумееш, што пра цябе не забываюць.

Увогуле, шчасце ў дробязях. Важна памятаць пра гэта і верыць у лепшае. Тады яно абавязкова надыдзе. А ўсё цяперашняе ператворыцца ў вопыт і ўспаміны».

Таксама ледзь не ў кожным лісце Аляксандр Івулін дзякуе тым, хто не забывае пра яго і падтрымлівае лістамі і перадачамі.

Публікацыя – з № 66 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»