Алесь Разанаў

У вечнасць адышоў зорны наш волат духу Алесь Разанаў, знакавая постаць беларускай літаратуры, смелы наватар у космасе паэзіі і філасофскай думкі, няскораны, хоць і пакараны, змагар за лепшую долю роднай мовы (у 1968 годзе выступіў за выкладанне на філфаку БДУ профільных прадметаў па-беларуску, за што быў выключаны з універсітэта).

Мы з ім пазнаёміліся ў Брэсце, калі ён, вучань сельскай школы, энергічны і сімпатычны рослы хлопец у кірзавых ботах, прыязджаў з роднага Сяльца (Бярозаўшчына) пачытаць свае вершы ў творчым асяроддзі на літаратурным аб’яднанні знанага прафесара і крытыка Уладзіміра Андрэевіча Калесніка (пры рэдакцыі абласной газеты). Па вершах школьніка адчувалася: іх аўтара абміне хвароба ўласнага росту, якая здараецца з пачаткоўцамі. Нас, ягоных слухачоў, шмат што зачароўвала ў прадэкламаваных творах. Надта нязвычнымі, свежымі паўсталі яны. Невыпадкова першыя публікацыі паэта з’явіліся ў газетах рана – у 1961 годзе: аўтару тады споўнілася 14 гадоў.

Пазней сустракаліся мы даволі часта, калі Алесь, падтрыманы Максімам Танкам і Уладзімірам Калеснікам, працягваў і завяршаў універсітэцкую адукацыю ў горадзе над Бугам. Бываў зямляк не раз у маёй кватэры. Тады, у далёкім ужо 1968-м, я прысвяціў яму верш у знак падтрымкі пасля выключэння з БДУ.

 

***
Алесю Разанаву
Няма гармоніі, дый годзе:
да чысціні ўсё ліпне бруд.
А Гулівера часта водзіць
за нос духоўны ліліпут.
Ля вернасці снуецца здрада,
пад маскай – чорная мана.
Таму цьмянее часта радасць
і прыпазняецца вясна.
А ты ўставай, адвагі поўны,
надзеі дзёрзка ўваскрасі
і неўтаймоўны дух бунтоўны
нястомна
на алтар нясі.

Шчодра адораны ад прыроды, працаваў Алесь Разанаў інтэнсіўна, актыўна разгортваў свой талент, усё часцей друкаваўся ў перыёдыцы, выдаваў зборнікі, моцныя стваральнай энергіяй паэта-мысляра, эксперыментатара. Інтэлектуальная беларуская прастора ўвачавідкі багацела з ягоным прыходам у літаратуру. «Адраджэнне» – так неардынарна быў названы паэтычны першынец Разанава, тады яшчэ студэнта. Хай сабе тая кніжачка засведчыла, што яе аўтар выхоўваўся ў савецкай рэчаіснасці, але ў ёй змешчаны цудоўныя вершы: «Мова», «Паганіні», «Тамоза Кампанела», «Вытокі» «***Які запал!»… Далей ішлі прыкметна разняволеныя і ўскладнёныя (як зместам, так і жанрава) кнігі: «Назаўжды» (1974), «Каардынаты быцця» (1976), «Шлях-360» (1981), «Вастрыё стралы» (1988), «У горадзе валадарыць Рагвалод» (1992), «Паляванне ў райскай даліне» (1996) ды іншыя. Побач з вершамі, мініяцюрамі, паэмамі, баладамі ягоныя кнігі засяляюць чыста разанаўскія жанры: версэты, вершаказы, зномы, пункціры… Галоўнае ж у тым, што як традыцыйныя, так і наватарскія творы паэта вызначаюцца гуманістычным зместам. Я не мог не радавацца дасягненнямі і перамогамі Алеся, як не мог не разумець, што Разанаў – бязмежны, як далягляд, неабсяжны і невычэрпны, як акіян, і непераможны, як ісціная праўда. Ён – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы (1990, за кнігу паэзіі «Вастрыё стралы»), лаўрэат прэміі імя Наталлі Арсенневай (па выніках конкурсу на лепшую кнігу паэзіі за 2017 год).

Люблю перачытваць кнігу «З апокрыфа ў канон» (з такім незвычайным аўтографам: «…чыё месцажыхарства між аблокаў і васількоў – Васілю Жуковічу Алесь Разанаў 16.11.10»), асабліва – «Жыта і васілёк» (слова пра Максіма Багдановіча). Пра яе можна сказаць: сэрца на далоні. Сэрца Разанава – мудрае, мужнае, трапяткое. Тут ёсць узрушальныя праўдзівасцю і прароцтвам выказванні, як вось гэтае: «Людзі затапталі Хрыстовы сляды – і паміж планамі (прыродным, чалавечым і боскім) парушылася сувязь; людзі затапталі Хрыстовы сляды – і па затаптаных Хрыстовых слядах прыйшлі іншыя істоты, «гора» беларускага народа. Хто яны? Кажучы словамі нашага выдатнага паэта Пімена Панчанкі, гэта – клан, гэта – клас, гэта – гразь. Прыйшла гразь – і запэцкала прыгожы малюнак «Апокрыфа». Яна запэцкала і пэцкае сёння нашу спадчыну, нашу культуру, нашу мову, нашу гісторыю». І яшчэ: «Ніхто так не прагне ўлады і не чапляецца за ўладу, як гразь: такая ў яе анталогія. Але ж не вечна доўжыцца гэтаму ганебнаму стану рэчаў, не вечна гразі панаваць, нават калі ашуканы і запалоханы ёю народ усё яшчэ лічыць, што яна ўдзень і ўначы рупіцца пра ягоны дабрабыт!.. Ды не будзе народ апраўданы толькі за тое, што ён народ, але на любым судзе будуць апраўданы тыя адважныя душы, што не пакрывілі сумленнем і не схіліліся перад уладай гразі».

Знакаміты арыгінальны паэт і эсэіст Разанаў стаўся і выдатным перакладчыкам, валодаючы рознымі мовамі. Нямецкую і літоўскую ведаў настолькі дасканала, што мог сам складаць на іх вершы. Рупіўся пра ўзбагачэнне беларускай літаратуры перакладной іншамоўнай паэзіяй, паклапаціўся пра выданне анталогій грузінскай і літоўскай паэзіі па-беларуску, прывабіўшы і мяне такою адказнай справай. Алесь умеў пераконваць і дамаўляцца. Дзякуючы яму я пабываў і ў Тбілісі, і ў Ташкенце. Пасля ташкенцкага семінара выдаў у Мінску кніжку перакладаў з старажытнаўзбекскай мовы выбраных твораў слыннага Алішэра Наваі.

Як натуральна пачыналася, так і доўжылася наша сяброўства. Алесь адорваў мяне сваімі кнігамі з зычлівымі аўтографамі. На тытульнай старонцы першага зборнічка «Адраджэнне» 17 жніўня 1970-га паэт-юнак пажадаў мне, «каб цвёрда трымаўся на Зямлі і каб праз нейкі час крэмзаў аўтограф» яму. А ў студзені 1996 года ёмістую кнігу «Паляванне ў райскай даліне» падпісаў па-разанаўску арыгінальна: «Мінчуку, але ўсё роўна заўсёднаму берасцейцу…» У савецкі час бязбожжа з ягоных рук я атрымаў нечаканы, але жаданы падарунак – Біблію.

Прысутнасць Разанава-лідара азначала ўплыў. Выдатна адчуваў ён, хто на што здатны. Пад ягоным уплывам, да прыкладу, Ніна Мацяш стварыла шэраг бліскучых паэтычных партрэтаў сваіх сучаснікаў, А.Вярцінскі – некалькі казанняў.

Цяпер успамінаецца ўсё да драбніцаў, звязанае з асобай авангарднага творцы, няўрымслівага чалавека, у тым ліку – сустрэчы, гамонкі, вандроўкі. Прыемна ўзгадаць, як мы з ім, А.Вярцінскім, В.Буландай не без прыгод дабіраліся ў Белаазёрск на паэтычныя чытанні ў гонар незабыўнай зямлячкі Ніны Мацяш. Алесь быў вельмі сутнасны і красамоўны прамоўца. Ягоныя прамовы ўспрымаліся як мастацкія творы. Не забудзецца і яго выступ на маёй юбілейнай вечарыне, дзе ён цытаваў мой верш «***Бяссонне…».

Аднаго разу Алесь даверыў мне свой сон: ён апрануў новую льняную кашулю… Я тады сказаў: «Алеська, ты неўзабаве ажэнішся, і твая абранніца будзе вельмі спрыяльная табе для жыцця». Так яно і сталася… Няхай бы, дружа, доўжылася і доўжылася тваё зямное жыццё, тваё шчасце ў сям’і і ў літаратуры! Ды лёс не перайначыш…

Калі Алесева сястра Люба ўгаворвала яго любымі сродкамі змагацца з няўмольнай хваробай, ён суцяшаў яе: што хацеў, здзейсніў. Але, як сведчыць Любоў Сцяпанаўна, ён збіраўся, ды не паспеў, стварыць гісторыю Сяльца, сваёй немалой радзімы.

У журботны дзень развітання з Алесем 28 жніўня ў сталічным храме Пятра і Паўла пасля прачулай беларускамоўнай паніхіды сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў услед за старшынёй СБП Барысам Пятровічам пранікнёна выказвалі свае думкі пра вялікага, у чымсьці геніяльнага Алеся Разанава. Любоўю і цеплынёй былі прасякнуты ўспаміны родных ды блізкіх пра выдатнага творцу і чалавека – за сталом памінальным, дзе пачаў шчырую, праніклівую гаворку блізкі сябра сям’і Зміцер Санько. Не без хвалявання Галіна Разанава, Алесева жонка, казала, якім высакародным, далікатным і мужным быў муж. Яшчэ распавяла яна, што Алесева маці ў 1968 годзе ў лісце да Максіма Танка пыталася, чым правініўся яе сын, і вядомы класік адказаў ёй: «Ваш сын ні ў чым не вінаваты. Вы павінны ганарыцца такім сынам!»

Даражэнькі наш Паэце, дзякуй табе за ўсё незабыўнае! Няхай будзе лёгкім шлях тваёй высокай, светлай душы ў царства на нябёсах!

Васіль ЖУКОВІЧ

Поделиться ссылкой: