Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, Дзмітрый Завадскі

Міжнародная канвенцыя аб абароне ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў была прынятая 20 снежня 2006 года Генеральнай асамблеяй ААН. Дакумент падпісалі больш за 100 дзяржаў. Беларусі сярод іх няма.

Міжнародным днём ахвяр гвалтоўных знікненняў 30 жніўня Генеральная асамблея абвясціла ў сваёй рэзалюцыі 65/209 ад 21 снежня 2010 года. У дакуменце была выказана сур’ёзная занепакоенасць, у прыватнасці, павелічэннем колькасці гвалтоўных або недобраахвотных знікненняў у розных раёнах свету, у тым ліку арыштамі, затрыманнямі і выкраданнямі, якія з’яўляюцца часткай гвалтоўных знікненняў або раўназначныя ім, і ростам колькасці паведамленняў пра пераслед, жорсткае абыходжанне і запалохванне, якім падвяргаюцца сведкі знікненняў або сваякі зніклых асобаў.

Тым часам праблема гвалтоўных знікненняў для Беларусі актуальная. Як нагадваюць праваабаронцы, у 1999 годзе ў краіне бясследна зніклі адразу два вядомыя апазіцыянеры — былы міністр унутраных спраў Юры Захаранка і віцэ-спікер Вярхоўнага Савета XIII склікання Віктар Ганчар, а таксама буйны прадпрымальнік Анатоль Красоўскі.

Улетку 2000 года бясследна знік аператар расійскага тэлеканала АРТ, былы асабісты аператар Лукашэнкі Дзмітрый Завадскі. Родным і блізкім дагэтуль нічога невядома пра іх лёс.

Поделиться ссылкой: