BRUTTO перад канцэртам на стадыёне «Алімпійскі» ў Кіеве

Шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе і музыкант гурта BRUTTO распавёў «Народнай Волі» пра выступленне на канцэрце да Дня незалежнасці Украіны, а таксама пра тое, як яму жывецца ў Кіеве.

Віталь Гуркоў з’ехаў ва Украіну год таму. Дадому не вярнуўся ў мэтах бяспекі – пасля выбараў на многіх заводзілі крымінальныя справы.

На гэтым тыдні Віталь разам з іншымі музыкантамі выступіў на кіеўскім стадыёне «Алімпійскі» на канцэрце, прымеркаваным да Дня незалежнасці Украіны, – праспявалі песню «Воіны святла».

«Песня была напісана яшчэ да Майдана, але ўкраінскі народ пастфактум прызначыў гэты трэк музычным сімвалам рэвалюцыі ў Кіеве, – так вядучы анансаваў выступленне беларускага гурта. – Потым гэтую песню заспявалі маракі-патрыёты ў Крыме, і BRUTTO ўвайшоў у гісторыю Украіны».

– Натуральна, мы даведаліся, што запрошаны на ўрачыстасць, загадзя, – кажа Віталь ГУРКОЎ. – З аднаго боку, гэта было дастаткова нечакана, а з другога – вельмі прыемна.

Хаця шчыра скажу, што адмыслова на рэпетыцыі не збіраліся. У нас было шмат канцэртаў і выступленняў, таму не было сэнсу збірацца, каб прагнаць адну песню – «Воіны святла» (яе і выканалі на «Алімпійскім»), якую і так выдатна ведаем. Да таго ж на стадыёне мы выступалі разам з сімфанічным аркестрам.

Адным словам, кожны рыхтаваўся сам па сабе, а вось у дзень выступлення давялося добра папрацаваць. Пасля таго як была зроблена аранжыроўка, пачаліся рэпетыцыі, генеральны прагон. Практычна ўвесь дзень правялі на канцэртнай пляцоўцы. Але яно было таго варта. Узяць удзел у такой імпрэзе – гэта гонар для кожнага.

Дарэчы, украінцы наш гурт добра ведаюць. Мы пачынаючы з 2014 года ездзілі па ўсёй Украіне і давалі канцэрты, а песня «Воіны святла» стал ледзь не ўкраінскім гімнам. Яе і сёння спяваюць у Кіеве вулічныя музыканты на Хрышчаціку і на Андрэеўскім спуску.

– Вы праспявалі толькі адну песню?

– Так, бо графік выступленняў удзельнікаў святочнага канцэрта быў вельмі шчыльны. Кожны выступаў толькі з адным нумарам, такі быў фармат мерапрыемства.

– Гледачоў было шмат?

– Стадыён «Алімпійскі» быў забіты пад завязку. Святочны настрой проста вісеў у паветры, і гэта, напэўна, было найлепшае святкаванне Дня незалежнасці за ўсю гісторыю Украіны. Асабіста мяне там уразіла ўсё – і парад, і канцэрт… Людзі яшчэ доўга ў горадзе святкавалі, і гэта было вельмі атмасферна.

– Крыху больш за год прайшло з таго часу, як вы з’ехалі з Беларусі і зараз жывяце і працуеце ва Украіне. Якім быў для вас гэты год?

– За гэты час цалкам змянілася маё жыццё. І не толькі я апынуўся ў такім становішчы, але і тысячы іншых беларусаў, якія вымушаны былі пакінуць краіну.

Гэты год стаў таксама лакмусавай паперкай, паказаў, хто з тваіх сяброў і знаёмых чаго варты.

Але ў той жа час нагоды для нейкага песімізму не было па той простай прычыне, што на гэта элементарна не хапала часу. Была праца, праца і яшчэ раз праца. Для выпрабавання ўласнага характару гэта даволі прадуктыўны год.

– Чым вы зараз займаецеся?

– Сам трэніруюся і іншых трэнірую. Акрамя таго, выступаю з гуртом на некаторых канцэртах.

Супрацоўнічаю з украінскай Федэрацыяй па тайскім боксе. Прайшоў курсы трэнерскай перападрыхтоўкі, атрымаў адпаведны сертыфікат. І ўжо нават паспеў падрыхтаваць для зборнай Украіны спартсменку.

Займаюся таксама некаторымі цікавымі ютуб-праектамі ў байцоўскай сферы па раскручванні ў медыйнай прасторы байцоў і турніраў. Я выступаю як вядучы і каментатар баёў, а таксама даводзіцца браць у спартсменаў інтэрв’ю.

– Адным словам, загрузілі сябе напоўніцу…

– Не скажу, што зусім няма вольнай хвіліны, калі можна выдыхнуць, але ў асноўным усё-такі рабочы графік такі, што за дзень ледзь усё паспяваеш. У прамым сэнсе даводзіцца круціцца, як вавёрка ў коле.

– Ці моцна ваша жыццё ў Кіеве адрозніваецца ад таго, што было ў Мінску?

– Безумоўна, адрозніваецца, хаця я пастараўся зрабіць усё, каб не было дыскамфорту. Я вярнуўся да старога ладу жыцця: трэніруюся, выкладаю, займаюся музычнай дзейнасцю. Усё гэта было ў Мінску, усё гэта ёсць і зараз.

Але нельга параўноўваць маштабы ўкраінскай і беларускай сталіц. Кіеў – такі глабальны горад, і гэта вызначае многія іншыя акалічнасці. І ў жыцці, і ў працы. Але з большага я задаволены тым, што зараз маю.

– У асабістым жыцці за год нічога не змянілася?

– Тут у мяне ўсё нармальна. Пакуль не ажаніўся…

Публікацыя – з № 65 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: