Ілюстрацыйны здымак

Што гэта такое?

У шэрагу школ сталіцы купіць булачку або ёгурт у буфеце дзіця зможа з дапамогай асабістага QR-кода.

Аб гэтым паведаміла «Мінск-навінам» дырэктар Камбіната школьнага харчавання (КШХ) Надзея Лукашэвіч:

– «Разумны буфет» прадугледжвае безнаяўны разлік за буфетную прадукцыю па карце навучэнца ці з рахунка за харчаванне, які папаўняюць бацькі праз АРІП. Для гэтага яны павінны стварыць для свайго дзіцяці індывідуальны QR-код. Інструкцыю можна паглядзець на сайце КШХ.

Працуе гэта так: калі вучань купляе нешта ў буфеце, для разліку прыкладвае да спецыяльнага счытвальніка свой код. Яго можна раздрукаваць на папяровым носьбіце, сфатаграфаваць на смартфон або, напрыклад, нанесці на бірульку. Код прывязаны да фатаграфіі: буфетчык бачыць на планшэце здымак дзіцяці – так праходзіць ідэнтыфікацыя. Ніхто, акрамя канкрэтнага вучня, не зможа больш скарыстацца яго асабістым QR-кодам. Грошы аўтаматычна спісваюцца з рахунка навучэнца.

Паводле слоў Надзеі Лукашэвіч, пілотны праект ужо прайшоў у мінулым навучальным годзе апрабацыю на базе некаторых школ Партызанскага раёна. Бацькам і дзецям ідэя спадабалася.

Плюсаў шмат. Па-першае, дзеці могуць не насіць з сабой наяўныя грошы, па-другое, павялічылася хуткасць разліку ў буфеце, а па-трэцяе, бацькі могуць адзначаць у спецыяльным дадатку, якія стравы дзіцяці можна купляць, а ад якіх варта ўстрымацца. Гэтая опцыя асабліва карысная, калі ў школьніка ёсць індывідуальныя абмежаванні, якія патрабуюць выключыць з сілкавання пэўныя прадукты.

Мяркуецца, што з 1 верасня 2022 года «разумныя буфеты» будуць ва ўсіх школах Мінска.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»