Валерый Крахмалаў

Былы токар ААТ «Гомсельмаш» Валерый Крахмалаў, які летась у жніўні быў назіральнікам на выбарах і зладзіў потым на сваім працоўным месцы сядзячы страйк, нелегальна пакінуў Беларусь.

48-гадовы спецыяліст вышэйшай кваліфікацыі, апасаючыся трапіць у турму, перайшоў без дакументаў беларуска-ўкраінскую мяжу і зараз знаходзіцца ў Кіеве. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы.

Год таму Валерый Крахмалаў на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту з боку сілавікоў прыйшоў на завод і сеў каля свайго станка. У журнале зменнага задання ўласнаручна напісаў: «У мяне забастоўка». Так працягвалася тры дні.

Цэхавае начальства да токара: маўляў, ты што – з дуба зваліўся? Якая забастоўка?!

Цярпенне начальства ўрэшце лопнула. Дырэкцыя «Гомсельмаша», заручыўшыся падтрымкай афіцыйнага прафсаюза, звольніла Крахмалава з завода на падставе п.6 артыкула 42 Працоўнага кодэкса – невыкананне без уважлівых прычын працоўных абавязкаў работнікам, які мае непагашанае дысцыплінарнае спагнанне. Токар падаў у суд на дырэкцыю, аднак суд Чыгуначнага раёна Гомеля ў верасні адхіліў яго прэтэнзіі з нагоды звальнення.

Маючы шосты разрад токара, Крахмалаў хутка знайшоў працу па спецыяльнасці ў прыватнай фірме, прычым з лепшай аплатай. Аднак у спакоі рабочага з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй не пакінулі. Сёлета ў сакавіку, напярэдадні Дня Волі, міліцыя правяла вобыск у кватэры Валерыя, а самога яго дапыталі наконт удзелу ў маршах пратэсту.

Далей – болей. У чэрвені сілавікі затрымалі Валерыя Крахмалава. Тры дні яго трымалі ў ізалятары, ізноў дапытвалі. Гэтым разам вінавацілі ва ўдзеле ў адным з тэлеграм-чатаў, дзе ён, паводле сцвярджэння следства, падбухторваў людзей выходзіць на вуліцы і не падпарадкоўвацца міліцыі. Апроч таго, токар нібыта стаяў 20 верасня 2020 года на вуліцы Савецкай у счэпцы перад сілавікамі і перашкаджаў ім затрымліваць пратэстоўцаў. Амапаўцы ўжывалі тады слёзатачывы газ і святлошумавыя боепрыпасы.

Валерый віну не прызнаваў. Тлумачыў, што на відэа і фота, якія яму дэманстравалі ў СК, не ён – той, хто выяўлены, не падобны па постаці, да таго ж ён у масцы, кепцы і цёмных акулярах.

Пасля трох дзён ізаляцыі (у дадатак да мінулагодніх 20 сутак арышту) Крахмалава адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе і абавязацельства з’яўляцца ў пракуратуру па першым патрабаванні. У яго забралі пашпарт і пасведчанне кіроўцы. Следчы з СК патлумачыў: «Каб не ўцёк за мяжу».

Агулам сёлета ў Крахмалава і яго сваякоў адбыліся 5 ператрусаў. Апошні на пачатку ліпеня ўчынілі супрацоўнікі КДБ пасля таго, як у кватэры рабочага ўжо пабывалі супрацоўнікі СК.

Праваабаронцам Валерый Крахмалаў распавёў, што нейкі час быў вымушаны хавацца. Урэшце вырашыў нелегальна пакінуць радзіму нават без дакументаў. Такі крок, паводле слоў Валерыя, даўся яму няпроста, бо дома засталіся маці, жонка, дачка, для якіх ён заўсёды быў, па сутнасці, адзінай надзейнай апорай.

Публікацыя – з № 65 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: