Ілюстрацыйны здымак

Частка жыхароў вуліцы Баліцкага ў пасёлку Паўднёвы, што ў Гродне, скінуліся на добраўпарадкаванне дарогі насупраць сваіх дамоў. Надакучыла чакаць, пакуль гэта зробяць мясцовыя ўлады. Іншыя паглядзелі і маюць намер зрабіць тое самае. Але ёсць і тыя, хто кажа: чаму жыхары горада павінны добраўпарадкоўваць дарогі агульнага карыстання за свой кошт?

Асфальт праклалі толькі да генеральскага дома

Пасёлак Паўднёвы, як прынята яго называць, – мікрараён Гродна з прыватнай забудовай. Вуліца Баліцкага праходзіць паралельна адной з цэнтральных. Першыя дамы на Баліцкага з’явіліся больш за 30 гадоў таму.

Мясцовы жыхар Юрый распавядае, што нармальную дарогу зрабілі толькі да так званага генеральскага дома. Яшчэ ў 1990-я ў ім жыў начальнік Гродзенскай абласной міліцыі генерал Белашэўскі. Дом, які знаходзіцца на пачатку вуліцы, адметны тым, што да яго пракладзены асфальт, а ў двары стаіць вялікая антэнная вышка.

– Вось да яго дома асфальт праклалі, а для нас усіх – не хапіла, – скептычна заўважае Юрый.

Дарэчы, пра тое, што дарогу праклалі толькі да генеральскага дома, распавядаюць усе жыхары вуліцы, з кім даводзілася размаўляць.

Юрый успамінае: некалькі гадоў жыхары вуліцы спрабавалі дамагчыся, каб ім праклалі асфальт, але хутка зразумелі бесперспектыўнасць задумкі. Дарэчы, большасць вуліц мікрараёна не заасфальтавана, і ніхто не спяшаецца гэта рабіць.

– Машыну памыеш, паставіш, а праз пару гадзін яна ўся ў пыле. Дождж пройдзе – і месіш зямлю, – эмацыйна распавядае мужчына. – Ды што ў нас – нават там, дзе дамы значна раней былі пабудаваны, ніхто пра асфальтаванне не гаворыць.

Ягоная суседка спадарыня Алена, якая жыве на вуліцы Баліцкага больш за 10 гадоў, кажа, што спрабавала звярнуцца на «гарачую лінію» мясцовага тэлебачання, размаўляла з гарадскімі чыноўнікамі, тэлефанавала дэпутату:

– Я ўсім задавала пытанне: чаму нам, такім самым, як усе, падаткаплацельшчыкам у мікрараёне, якому больш за 30 гадоў, не пракладваюць асфальтаваную дарогу? У гарвыканкаме патлумачылі, што зараз у мікрараёнах з прыватнай забудовай асфальтаваныя дарогі за кошт дзяржавы не робяць.

Чыноўнікі падлічылі, паведамляе спадарыня Алена, што, калі рабіць паўнавартасную дарогу з асфальтавым пакрыццём за сродкі грамадзян, яна можа абысціся ў 1700 рублёў з кожнага дома.

– Сума непад’ёмная, а дамагчыся, каб заплаціў кожны дом, – гэта наогул нерэальна, – упэўнена жанчына. – У нас на працягу двух пяцігодак існуе дзяржаўная праграма па будаўніцтве і рэканструкцыі дарог, але мы гэтага ніяк не адчулі.

Нічога асаблівага не прыдумвалі

Паколькі дамовіцца з усімі жыхарамі вуліцы адразу не ўдалося, некалькі суседзяў вырашылі скінуцца і ўпарадкаваць хаця б дарогу насупраць сваіх дамоў.

– Мы асабліва нічога не прыдумвалі, а паехалі ў «Рэмбудаўтадар», набылі 200 тон перапрацаванай са старога асфальту крошкі, напісалі заяву, каб прыехала дарожная тэхніка, і ўсё, – распавядае спадар Сяргей. – На 15 метраў упарадкавання дарогі ідзе 20 тон крошкі.

Перапрацаваная са старога асфальту крошка па цане аказалася даступнай – 5 рублёў за тону, а вось за выкарыстанне тэхнікі рахунак пакуль не выставілі. Тым не менш у дамоўлены час прывезлі крошку, прыехаў грэйдар, асфальтавы каток і літаральна за некалькі гадзін дарога набыла зусім іншы выгляд.

Адзін з маіх суразмоўцаў кажа, што, згодна з папярэдняй дамоўленасцю, за работу тэхнікі давядзецца заплаціць па 350 рублёў з дома.

Трэба рабіць хоць так, бо іншага можа і не быць

Калі прыехала дарожная тэхніка і прывезлі асфальтавую крошку, шмат каго з жыхароў вуліцы гэта зацікавіла. Мае суразмоўцы распавядаюць, што людзі хадзілі і цікавіліся, хто і на якіх умовах гэта робіць.

Спадар Міхаіл, да дома якога насыпалі крошку, сабраў сваіх суседзяў, і яны таксама пагадзіліся такім чынам упарадкаваць дарогу насупраць сваіх дамоў:

– Мы ўжо таксама напісалі заяву ў «Рэмбудаўтадар» і набылі асфальтавую крошку. Многія цяпер хочуць такім чынам упарадкаваць дарогу перад хатай, але не ўсе на вуліцы пагаджаюцца.

Спадарыня Валянціна кажа, што атрымлівае пенсію 280 рублёў, муж памёр, а сыны жывуць далёка, то, маўляў, і паўдзельнічаць у добраўпарадкаванні дарогі яна не ў стане.

Спробы «Народнай Волі» высветліць у кіраўніцтва «Рэмбудаўтадара» ўмовы выканання работ па добраўпарадкаванні гарадскіх вуліц вынікаў не далі. Намеснік дырэктара Юрый Лаціеў адказаў, што не займаецца гэтымі пытаннямі, а галоўны інжынер Валерый Клыбік спаслаўся на занятасць.

Публікацыя – з № 65 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: