Ігар Бокій

На Паралімпійскіх гульнях у Токіа, якія адкрыліся на гэтым тыдні, у зборнай Беларусі ўжо ёсць два залатыя медалі.

Першае золата плывец Ігар Бокій заваяваў у фінальным заплыве на дыстанцыі 100 метраў батэрфляем. Пры гэтым хлопец устанавіў новы рэкорд Паралімпіяд у гэтым відзе праграмы.

Учора спартсмен першынстваваў і на дыстанцыі 100 метраў на спіне з новым сусветным рэкордам у гэтай дысцыпліне.

Дарэчы, на Паралімпіядзе-2016 года ў Бразіліі Бокій быў героем не толькі беларускай зборнай, бо заваяваў адразу сем медалёў – шэсць залатых і адзін бронзавы. Пры гэтым паставіў два рэкорды свету і шэсць рэкордаў Паралімпійскіх гульняў!

Тады ён пераўзышоў уласнае дасягненне па колькасці ўзнагарод Паралімпіяды-2012 у Лондане, калі на яго рахунку было пяць залатых і адзін сярэбраны медалі. Усяго ў спартсмена цяпер ужо 15 узнагарод Паралімпійскіх гульняў, але, як кажуць, у жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу. Тым больш што Паралімпіяда толькі пачалася.

– Складана будзе ў Токіа пабіць свой уласны рэкорд, але ж нічога немагчымага няма, – распавёў Ігар «Народнай Волі». – Плаванне, як і іншыя віды спорту, не стаіць на месцы, укараняюцца новыя методыкі і тэхналогіі, таму трэба проста ісці ў нагу з часам – і будуць новыя поспехі.

Дарэчы, нават купальныя касцюмы ўплываюць на вынік, і тут таксама мы сочым за прагрэсам. Праўда, пасля таго, як на адной з Алімпіяд шмат рэкордаў пабілі плыўцы ў гідракасцюмах, іх забаранілі. Занадта хутка плывуць.

Дарэчы, спрабаваў Ігар Бокій выступаць і на спаборніцтвах сярод здаровых спартсменаў, але там вялікіх вынікаў не дасягнуў.

– Для любога спартсмена важна, каб было як мага больш стартаў, таму і ўдзельнічаю ў такіх спаборніцтвах, як першынство Беларусі, – дадае плывец. – Але пра ўдзел у міжнародных стартах пакуль не варта казаць. Для мяне ўсё-такі абраны больш лагодны рэжым трэніровак, ды і вынікі не тыя, каб на нешта прэтэндаваць на сур’ёзных міжнародных першынствах.

У мяне праблема са зрокам, а гэта несумяшчальна з тымі нагрузкамі, якія неабходны, каб быў высокі вынік.

Публікацыя – з № 65 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»