Андрэй Пачобут

Жонка гродзенскага журналіста, які зараз знаходзіцца за кратамі, распавяла «Народнай Волі» пра апошнія навіны ад мужа.

Палітвязню Андрэю Пачобуту падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на тры месяцы.

Нагадаем, што журналіста затрымалі 25 сакавіка. Пазней стала вядома, што яго абвінавачваюць у «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай варожасці». Ён апынуўся ў зняволенні па так званай «справе палякаў», калі былі затрыманы некалькі актывістаў незарэгістраванага Саюза палякаў Беларусі, у тым ліку кіраўнік арганізацыі Анжаліка Борыс.

– У апошнім лісце Андрэй напісаў, што ён да крыві параніўся пры галенні, – кажа Аксана Пачобут. – Гэта і засмучае, і непакоіць, бо ў камеру да мужа пасадзілі ВІЧ-інфікаванага чалавека.

Больш нічога важнага не паведамляе. Пісаў, што ў камеры быў чалавек, якога за нейкі каментарый у інтэрнэце абвінавачваюць па палітычным артыкуле, але яго хутка перавялі ў іншае месца. У астатнім сакамернікі – гэта людзі, якія праходзяць па звычайных крымінальных артыкулах.

Андрэй Пачобут перахварэў у ізалятары на каранавірус, да таго ж у яго хворае сэрца, таму блізкія перадаюць яму лекі.

– Перадаём усё тое, што можна набыць без рэцэпта, – дадае жонка палітвязня. – З рэцэптамі складаней, бо нават турэмны урач патлумачыў, што ён не мае паўнамоцтваў іх выпісваць. І нават бланкаў у яго няма. Таму пакуль яшчэ Андрэй трымаецца на старых запасах лекаў, якія прадаюць толькі па рэцэпце, а далей будзе складаней.

Публікацыя – з № 65 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»