Валерый Крахмалаў

Былы токар ААТ “Гомсельмаша” Валерый Крахмалаў, які летась у жніўні быў назіральнікам на выбарах і зладзіў потым на сваім працоўным месцы сядзячы страйк, нелегальна пакінуў Беларусь.

48-гадовы спецыяліст вышэйшай кваліфікацыі апасаўся трапіць у турму, перайшоў без дакументаў беларуска-ўкраінскую мяжу і цяпер знаходзіцца ў Кіеве. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы.

Год таму Валерый Крахмалаў на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў прыйшоў на працу на завод і сеў каля свайго станка. У журнале зменнага задання ўласнаручна напісаў: “У мяне забастоўка”. Так працягвалася тры дні.

Цэхавае начальства да токара: маўляў, ты што – з дуба зваліўся? Якая забастоўка?!
Цярпенне начальства ўрэшце лопнула. Дырэкцыя “Гомсельмаша”, заручыўшыся падтрымкай афіцыйнага прафсаюза, звольніла Крахмалава з завода на падставе п.6 арт. 42 Працоўнага кодэкса – невыкананне без важкіх прычын працоўных абавязкаў работнікам, які мае непагашанае дысцыплінарнае спагнанне. Токар падаў у суд на дырэкцыю, аднак суд Чыгуначнага раёна Гомеля ў верасні адхіліў прэтэнзіі да дырэкцыі на звальненне.

Маючы шосты разрад токара, Крахмалаў хутка знайшоў працу па спецыяльнасці ў прыватнай фірме, прычым з большай аплатай. Аднак рабочага з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй у спакоі не пакінулі. Сёлета ў сакавіку, напярэдадні Дня Волі, міліцыя правяла вобшук у кватэры Валерыя, а самога яго дапыталі наконт удзелу ў маршах пратэсту.

Далей – болей. У чэрвені сілавікі затрымалі Валерыя Крахмалава. Тры дні яго трымалі ў ізалятары, ізноў дапытвалі. Гэтым разам вінавацілі ва ўдзеле ў тэлеграм-чаце “Вольнае панства”, дзе ён, паводле следства, падбухторваў людзей выходзіць на вуліцы і не падпарадкоўвацца міліцыі. Апроч таго, токар нібыта стаяў 20 верасня 2020 года на вуліцы Савецкай у счэпцы перад сілавікамі і перашкаджаў ім затрымліваць пратэстоўцаў. Амапаўцы ўжывалі тады слезацечны газ і светлашумавыя гранаты.
Валерый віну не прызнаваў. Тлумачыў, што на відэа і фота, якія яму дэманстравалі ў СК, не ён – імярэк не падобны па постаці, да таго ж ён у масцы, кепцы і цёмных акулярах.

Пасля трох дзён ізаляцыі (на дадатак да мінулагодніх 20 сутак арышту) Крахмалава адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе і абавязанні з’яўляцца ў пракуратуру па першым патрабаванні. У яго забралі пашпарт і пасведчанне кіроўцы. Следчы з СК патлумачыў: “Каб не ўцёк за мяжу”.

Агулам сёлета ў Крахмалава і яго сваякоў адбыліся 5 ператрусаў. Апошні на пачатку ліпеня ўчынілі супрацоўнікі КДБ, пасля таго, як у кватэры рабочага ўжо пабывалі супрацоўнікі СК.

Праваабаронцам Валерый Крахмалаў распавёў, што нейкі час ён мусиіў хавацца. Урэшце вырашыў нелегальна пакідаць радзіму нават без дакументаў, хоць такі крок даўся яму не проста.

Анатоль ЛІПСКІ

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»