Фото: REUTERS

Два тыдні прайшло з моманту закрыцця Алімпійскіх гульняў у Токіа, падчас якіх мы сталі сведкамі і неверагодна прыгожых перамог, і драм, і слёз, і скандалаў.

Беларуская каманда, натуральна, даўно прызямлілася дома, але за гэтыя два тыдні пра тых алімпійцаў, якія заваявалі медалі, практычна нічога не чуваць. Журналісты не рвуць на часткі адзінага залатога медаліста Гульняў батуціста Івана Літвіновіча, не бачна яго на гарадскіх білбордах і штодзень на экранах тэлевізараў. А пра астатніх прызёраў і наогул ужо практычна забыліся.

Ды і самі спартсмены жывуць зараз у новых рэаліях – іншыя часы на дварэ. Цяпер нават рот раскрываць ім даводзіцца з аглядкай на чыноўнікаў, а калі раскрыў ды, барані Бог, не тое сказаў ці пра сітуацыю ў краіне выказаўся – гэта наогул жах!

Таму, калі пасля перамогі той жа Іван Літвіновіч адказваў у мікст-зоне на пытанні журналістаў і ў яго запыталіся пра ліст спартсменаў за новыя выбары і супраць гвалту, то пільная прадстаўніца Нацыянальнага алімпійскага камітэта адразу ж замахала рукамі: нельга пра такое пытацца і на такое адказваць! Праўда, сам Літвіновіч коратка акрэсліў сваю пазіцыю: маўляў, палітыкай асабліва не цікаўлюся, а паслявыбарныя падзеі ў Беларусі асабіста мяне не зачапілі.

Цяпер усё зразумела: каму цікавыя людзі, якія або самі баяцца выказацца не толькі пра «галы, ачкі, секунды», або ім пад пагрозай рэпрэсій забаронена гэта рабіць?

Дарэчы, у мінулым годзе ў кантрактах спартсменаў з’явіўся пункт, згодна з якім выступленні ў СМІ трэба ўзгадняць з кіраўніцтвам.

Напрыклад, цяпер ужо былога капітана зборнай Беларусі па баскетболе Кацярыну Сныціну, у якой кантракт заканчваўся 31 сакавіка 2021 года, гэты пункт не задаволіў, і яна пакінула нацыянальную каманду. Зрэшты, такіх прынцыповых няшмат.

А ўвогуле, сціплае маўчанне пасля Алімпіяды можна патлумачыць яшчэ і тым, што сказаць няма чаго.

Давайце паглядзім, як выступалі беларускія алімпійцы з таго часу, як краіна стала суверэннай. На Алімпіядзе ў Атланце ў 1996 годзе наша зборная заваявала 15 медалёў (1 залаты, 6 сярэбраных, 8 бронзавых). На Гульнях-2000 у Сіднее – 17 (3-3-11), у Афінах (2004) – 13 (2-5-6), у Лондане (2012) – 10 (2-5-3), у Рыа-дэ-Жанейра (2016) – 9 (1-4-4). І вось зараз у Токіа – усяго 7 медалёў (1 залаты, 3 сярэбраныя і 3 бронзавыя). Як бачым, марудна, але ўпэўнена рухаемся ўніз. Чым тут ганарыцца?

Многія наогул упэўнены, што скандал на Алімпіядзе з лёгкаатлеткай Крысцінай Ціманоўскай у пэўным сэнсе выратаваў спартыўных чыноўнікаў пасля правальнага выступлення на Гульнях, бо адцягнуў увагу вышэйшага кіраўніцтва на іншае.

Як вядома, падчас спаборніцтваў з-за адсутнасці неабходнай колькасці допінг-проб ад удзелу ў эстафеце былі адхілены тры беларускія спартсменкі, пасля чаго быў названы новы склад удзельніц. У яго ўвайшла і Крысціна, якая адразу ж адмовілася бегчы эстафету, да якой не рыхтавалася. Пасля гэтага было прынята рашэнне адправіць Ціманоўскую назад у Беларусь.

Сама спартсменка пазней заявіла, што на яе аказвалі ціск і спрабавалі вывезці з Японіі без яе згоды. У аэрапорце Токіа Ціманоўская звярнулася да супрацоўнікаў паліцыі і членаў МАК з просьбай разабрацца ў сітуацыі, зараз лёгкаатлетка разам з сям’ёй знаходзіцца ў Польшчы.

Міжнародны алімпійскі камітэт працягвае расследаванне інцыдэнту і можа нават перагледзець умовы ўдзелу беларусаў у Алімпійскіх гульнях.

Не вядома, чым закончыцца гісторыя, але спартыўныя функцыянеры раптам «забыліся» пра вынікі выступлення зборнай і дружна перакінуліся на асуджэнне «перабежчыцы» Ціманоўскай. Хто тут ужо будзе ўспамінаць пра алімпійскія перамогі і іх адсутнасць? Нашы чыноўнікі як адзін паўстаюць пад гукі фанфар, а зараз іх не чутно…

Публікацыя – з № 64 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: