Сяргей Балахонаў

22-гадовы гамяльчанін Сяргей Балахонаў прызвычаіўся карыстацца музычным плэерам у сацыяльнай сетцы «Укантакце». Яго плэйліст змяшчаў больш за тысячу трэкаў папулярных выканаўцаў. У маі мінулага года Сяргей вырашыў дапоўніць сваю музычную калекцыю навінкамі і сярод запампаваных аказалася кампазіцыя рэпера nokrolik «Лукашэнко, уходи».

У выніку маніторынгу персанальнай старонкі Сяргея Балахонава, праваахоўнікі выявілі аўдыёфайл песні і прад’явілі яму абвінавачванне па артыкуле 368 «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Сяргей прызнаў сваю віну і раскаяўся, але падкрэсліў, што захаваў гэты трэк не па прычыне палітычнай варожасці да каго б там ні было, а выключна ў выніку збегу абставінаў.

Пракурор запрасіў для Сяргея Балахонава пакаранне ў выглядзе аднаго года пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Кіраўніцтва і калегі маладога чалавека хадайнічалі перад судом аб абранні для яго пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі. У характарыстыцы з месца працы падкрэслівалася, што ён зарэкамендаваў сябе толькі са станоўчага боку: працавіты, неканфліктны, прыстойны.

Сёння Сяргей Балахонаў звярнуўся да суда з апошнім словам. “Не пазбаўляйце мяне волі”, — адзінае, што ён сказаў.

Суд палічыў віну Сяргея Балахонава даказанай і прысудзіў яму год калоніі агульнага рэжыму. Хлопец быў узяты пад варту ў зале суда. Сяргей жанаты, яго жонка цяпер чакае дзіця.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»