МЗС Польшчы прапануе гуманітарную дапамогу мігрантам
Група бежанцаў з Афганістана і Ірака затрыманая на польска - беларускай мяжы. Фота: Wyborcza.pl

Ужо 12 дзён мяжы паміж Польшчай і Беларуссю жывуць больш за трыццаць мігрантаў – уцекачоў з Афганістану. Сярод іх ёсць няпоўнагадовыя, жанчыны і нават кот. Яны не могуць патрапіць у Польшчу, але і ў Беларусь вярнуцца ім не даюць. 

Міністэрства замежных справаў Польшчы выслала ноту МЗС Беларусі. У дакуменце польскі бок прапануе аказаць гуманітарную дапамогу групе мігрантаў на беларускай тэрыторыі.

Польшча прапанавала ў дапамогу мігрантам палаткі, ложкі, спальнікі, коўдры, піжамы, пасцельную бялізну, а таксама, пры неабходнасці, прадукты харчавання і лекі.

“Улічваючы сур’ёзнасць сітуацыі, польскі бок гатовы неадкладна накіраваць калону з гуманітарнай дапамогай. У выпадку згоды беларускага боку, уезд калоны на тэрыторыю Беларусі будзе рэалізаваны Урадавым Агенцтвам Стратэгічных Рэзерваў праз бліжэйшы памежны пераход і будзе праходзіць па самым кароткім шляху да месца знаходжання мігрантаў”, – адзначаецца ў звароце польскага МЗС.

Раней група налічвала 50 асобаў. Акрамя афганцаў, якія дасюль застаюцца ў лесе, тут была група іракскіх жанчын з дзецьмі. Некалькі дзён таму беларускія памежнікі дазволілі ім вярнуцца ў Беларусь. Цяпер у часовым лагеры, акрамя мужчын, – чатыры жанчыны, 15-гадовая дзяўчына і брытанскі кот, якога час ад часу дастаюць з кардоннай скрынкі і даюць зрабіць некалькі крокаў на шворцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»