Леанід Судаленка. Фота аўтара

На 3 верасня ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля прызначаны разгляд крымінальнай справы ў дачыненні праваабаронцы Леаніда Судаленкі, а таксама валанцёраў, якія дапамагалі праваабарончай справе, Таццяны Ласіцы і Марыі Тарасенка.

Следства абвінавачвае іх у фінансаванні і арганізацыі масавых беспарадкаў (часткі 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса). Справу будзе разглядаць суддзя Сяргей Салоўскі.

Леаніда Судаленку затрымалі 18 студзеня, калі ён ішоў на працу ў офіс. Праз два дні з ізалятара часовага ўтрымання яго перавялі ў СІЗА-3, дзе ён знаходзіцца да гэтага часу.

У ізалятары з лютага ўтрымліваецца таксама і Таццяна Ласіца. Марыя Тарасенка адпушчана дадому, у яе ўзяты абавязацельства пра яўку па першым патрабаванні і нявыездзе.

З лістоў 54-гадовага правабаронцы Судаленкі на волю вядома, што ён адмовіўся супрацоўнічаць са следствам з прычыны абсурднасці абвінавачвання. У віну яму паставілі дапамогу ў аплаце штрафаў для ўдзельнікаў пратэстных маршаў і заклік у Facebook дапамагчы шматдзетнай сям’і з Гомельлскага раёна купіць дровы на зіму, бо галава сям’і асуджаны за пратэстныя акцыі.

Анатоль ЛІПСКІ

Поделиться ссылкой: