2 верасня ў адборачным матчы да чэмпіянату Еўропы-2022 зборная Беларусі па футболе згуляе ў гасцях з камандай Чэхіі. Напэўна, толькі самыя вялікія аптымісты вераць, што ў кваліфікацыі ў цэлым і ў гэтым матчы ў прыватнасці беларусам нешта свеціць. І нагода для гэтага ёсць.

Перад вачыма балельшчыкаў яшчэ стаіць матч 30 сакавіка, калі сустракаліся зборная Бельгіі з камандай Беларусі. Усё гэта нагадвала ўрок прафесіяналаў юным футбалістамі з якой-небудзь перыферыйнай дзіцяча-спартыўнай школы. 0:8 нават ад бельгійцаў такога дна ў беларускім футболе мы яшчэ не дасягалі!

Калі за такія «заслугі» галоўнага трэнера каманды Міхаіла Мархеля знялі з пасады, нечаканасцю гэта не стала. Больш спачувалі Георгію Кандрацьеву, які спачатку выконваў абавязкі настаўніка зборнай, а затым яго прызначылі «галоўным». Ведаючы Георгія Пятровіча як чалавека прыстойнага і інтэлігентнага, можна яго шчыра пашкадаваць. Абсалютна відавочна, што ў дадзенай сітуацыі яму наканавана роля громаадвода. Пытанне толькі ў тым, калі зверху лясне маланка.

Дарэчы, паражэнне ад бельгійцаў Георгій Кандрацьеў успрыняў па-філасофску і з пэўнай доляй гумару: «Як сказаў моя сябар Ігар Кавалевіч: «Лепш адзін раз атрымаць 0:8, чым восем раз па 0:1».

А затым ужо больш крытычна прайшоўся па футбалістах: «Не хочацца, безумоўна, пра негатыў, але я быў проста шакіраваны тым, як дзейнічалі некаторыя ігракі… Шакіраваны самаадданасцю і стаўленнем да справы. Мы «вёска на вёску» з большым азартам гулялі, чым асобныя ігракі на полі».

Зрэшты, пасыпаць галаву попелам павінен не толькі Георгій Кандрацьеў, пад кіраўніцтвам якога беларуская каманда пакуль яшчэ не вельмі аканфузілася. Зборная заўсёды трымаецца на іграках, якія прадстаўляюць клубы. Дык вось у гэтым сезоне беларускія клубы ў еўракубках паказалі вынік, які дакладна выявіў іх месца.

Напрыклад, у Беларусі многія захапляюцца салігорскім «Шахцёрам». «Чэмпіён краіны ў нацыянальным першынстве не прайграе ў 14 матчах запар, і гэта – рэкорд!» – радасна паведамляюць некаторыя СМІ. Аказалася, што гэты самы чэмпіён – лепшы сярод горшых. На еўрапейскай арэне непераможны ў сваім футбольным «балоце» клуб з трэскам вылецеў на стадыі 2-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі канферэнцый. І двойчы прайграў «Шахцёр» не англійскаму «Ліверпулю» або італьянскаму «Ювентусу», а «Фоле» з Люксембурга.

БАТЭ, які некалі выйграваў у Лізе чэмпіёнаў у славутай «Баварыі», сёння прапускае на родным стадыёне чатыры галы за адзін тайм ад батумскага «Дынама» і пралятае над еўракубкавай восенню, як фанера над Барысавам.

Жодзінская каманда «Тарпеда-БелАЗ» наогул прайграла «Капенгагену» па суме двух матчаў з агульным лікам 1:9. Ганьба дый годзе!

«Адна перамога і дзевяць (!) паражэнняў – твар клубнага беларускага футбола на еўрапейскай арэне, напісаў спартыўны журналіст Мікалай Хадасевіч у сваім Telegram-канале. – У іншы раз пацягнула б у спагадлівым тоне пагаварыць пра кожны няшчасны выпадак асобна, але ў такім вадаспадзе ўсе нюансы і акалічнасці паражэнняў зліваюцца ў адзін гул: што гэта за дно такое?

…Галоўная адметная асаблівасць нацыянальнага турніру – ніякая якасць футбола, памножаная на жаданне жыць адным днём і ні за што не несці адказнасць. Інакш кажучы, плысці па цячэнні. Увогуле, тануць».

Адным словам, пры ўсім жаданні Георгія Кандрацьева сёння вывесці зборную на новыя вышыні – вялізная праблема. Выбіраць асабліва няма з каго. Сам жа чэмпіён СССР 1982 года ў складзе мінскага «Дынама» на поле не выйдзе, хаця сорак гадоў таму ў футбалістаў быў і азарт, і жаданне перамагаць. У сённяшніх жа ігракоў – агульная млявасць і абыякавасць да жыцця. Еўракубкі, як бачым, не для іх. Вяртаемся ў роднае футбольнае «балота».

Публікацыя – з № 63 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: