Аляксандр Гарцуеў

«Трыццаты сезон. Асобы» – пад такой назвай 24 жніўня прэм’ерным спектаклем «Калека з вострава Інішман» стартуе юбілейны тэатральны сезон у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, дзе мастацкім кіраўніком працуе вядомы беларускі рэжысёр Аляксандр Гарцуеў.

«Канцэпцыя юбілейнага сезона будуецца на гісторыях тых і пра тых, хто ствараў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі на працягу 30 гадоў і хто стварае яго па сённяшні дзень, – распавядаюць у тэатры. – РТБД перакананы: тэатр – гэта не толькі спектаклі, гэта асобны жывы арганізм, які функцыянуе дзякуючы людзям, іх таленту, светаадчуванню, багаццю поглядаў і меркаванняў.

Захаваць памяць пра людзей і іх справу, падмацаваць калектыўнае адчуванне адзінай мэты, дзеля якой працуе ўвесь тэатральны механізм, – важныя задачы сезона».

З 24 жніўня ў арт-холе РТБД будзе працаваць выстава макетаў сцэнаграфіі Юрыя Саламонава і эскізаў касюмаў Алены Iгрушы. Кожны жадаючы зможа здзейсніць своеасаблівае падарожжа па спектаклях: нешта ўбачыць упершыню, дзесьці пазнаць любімага персанажа, пра штосьці цёпла і з усмешкай панастальгіраваць.

Таксама РТБД рыхтуе пастаноўку па п’есе «Камень глупости» сучаснага беларускага драматурга Канстанціна Сцешыка, лаўрэата міжнародных драматургічных конкурсаў і тэатральных фестываляў. Рэжысёрам спектакля выступіць малады пастаноўшчык з Екацярынбурга Дзмітрый Зімін, уладальнік прэмій за лепшую рэжысуру і стваральнік больш як 20 спектакляў па сучаснай і класічнай драматургіі і прозе. Прэм’ера спектакля «Камень глупости» запланавана на канец сакавіка 2022 года, прэзентацыя праекта ў гарадах Расіі адбудзецца ў маі-чэрвені наступнага года.

На пачатак тэатральнага сезона таксама запланаваны гастролі на Волкаўскі тэатральны фестываль (г.Яраслаўль, Расія) са спектаклем «Профіт», Міжнародны тэатральны фестываль «Белая Вежа» (г.Брэст, Беларусь) і фестываль «Балтыйскі дом» (г.Санкт-Пецярбург, Расія) са спектаклем «Шлюб з ветрам», а са спектаклем «А мне не соромна!..» у снежні тэатр возьме ўдзел у Маладзёжным тэатральным форуме (г.Ташкент, Узбекістан).

«Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі чакае ўсіх аматараў і сяброў у юбілейным трыццатым сезоне ў абноўленай глядзельнай зале – тым самым месцы, дзе акумулюецца жывая энергія, нараджаюцца шчырыя перажыванні і сапраўдныя эмоцыі, – гавораць у тэатры. – «Трыццаты сезон. Асобы» ў РТБД абяцае быць сапраўды асобым».

Галіна РУТ

Публікацыя – з № 63 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: