Старшыня СБП Барыс Пятровіч

За апошні час у Беларусі па ініцыятыве ўлады ліквідаваны больш за паўсотню грамадскіх арганізацый, палова з якіх – асветніцка-культурніцкія, што займаліся папулярызацыяй беларускай мовы і гісторыі. У лік ліквідаваных трапіла, напрыклад, «Мова нанова», чые моўныя курсы паспяхова працавалі ў пятнаццаці гарадах, зацікаўліваючы пераважна моладзь.

Чым выклікана такая нецярпімасць улады да грамадскіх ініцыятыў і праектаў – вытлумачыць цяжка, хутчэй за ўсё, падазрэнне ў чыноўнікаў выклікае ўсё, што не санкцыянавана і не прадугледжана зверху. Згаданая «Мова нанова» – адна з наймаладзейшых арганізацый (дзейнічала ўсяго некалькі гадоў). Але вось чарга дайшла і да найстарэйшай – пагроза закрыцця навісла і над Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Днямі Вярхоўны суд паведаміў, што прыняў да разгляду іск Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі СБП (першае судовае пасяджэнне мае адбыцца 24 жніўня). А перад гэтым у сядзібе Саюза пісьменнікаў і на кватэры яго старшыні Барыса Пятровіча адбыліся ператрусы. Цяпер сядзіба апячатана, а старшыня – пад падпіскай аб нявыездзе.

Каментуючы паведамленне Вярхоўнага суда, Барыс Пятровіч прыгадаў, што спроба знішчыць СБП ужо была – яшчэ ў 2006 годзе, але тады ў тым жа Вярхоўным судзе ўдалося адвесці ад арганізацыі ўсе абвінавачанні.

«Мы да апошняга спадзяваліся, што Міністэрства юстыцыі ўлічыць нашы тлумачэнні адносна таго, што пасля апячатання памяшкання, у якім знаходзіцца офіс Саюза беларускіх пісьменнікаў, у нас фізічна не было магчымасці прадставіць патрэбныя дакументы. На жаль, гэтага не адбылося. Такім чынам, найстарэйшая пісьменніцкая арганізацыя Беларусі, заснаваная яшчэ ў 1934 годзе Янкам Купалам і Якубам Коласам, можа спыніць сваё існаванне. Але мы паспрабуем ў судзе абараніць свае правы і даказаць нашу правату», – заявіў кіраўнік пісьменніцкай арганізацыі, якая на сёння налічвае 450 сяброў.

Варта нагадаць, што неабвешчаную вайну з незалежным Саюзам пісьменнікаў улада вядзе даўно. Яшчэ на пачатку 2000-х у СБП былі адабраны Дом літаратара (цяпер гэта прыбытковы аб’ект у камерцыйнай структуры Кіраўніцтва справамі прэзідэнта), паліклініка, друкаваныя выданні (газета і тры часопісы), а таксама Дом творчасці і адпачынку «Іслач» пад Ракавам. У піку абрабаванаму саюзу ўлада стварыла свой – пад кіраўніцтвам адстаўнога міліцэйскага генерала Мікалая Чаргінца.

Саюз беларускіх пісьменнікаў заўсёды паслядоўна выступаў у абарону беларускай мовы, дэмакратычных каштоўнасцяў і свабоды слова. Не адседжваўся ў зацішку ён і пасля леташніх прэзідэнцкіх выбараў – прыняў некалькі заяў з асуджэннем дзяржаўных рэпрэсій.

У розны час у кіруючыя органы СБП уваходзілі такія знакамітыя творцы, як Пятрусь Броўка, Міхась Лынькоў, Іван Шамякін, Максім Танк, Ніл Гілевіч, Васіль Быкаў, Васіль Зуёнак, Вольга Іпатава, Уладзімір Някляеў, Святлана Алексіевіч і іншыя.

Перажыўшы розныя палітычныя рэжымы (у тым ліку акупацыйны), Саюз беларускіх пісьменнікаў сёння апынуўся перад рэальнай пагрозай ліквідацыі. Што, вядома ж, створыць нечуваны прэцэдэнт і яшчэ раз прадэманструе антынацыянальную сутнасць цяперашняй улады.

Сталін, які паводле слоў Лукашэнкі, выказаных падчас нядаўняга «Большого разговора», заслугоўвае помніка, і той разумеў ролю пісьменнікаў у грамадстве. Аднойчы да яго на прыём папрасіўся новапрызначаны кіраўнік Саюза пісьменнікаў СССР і паскардзіўся, што працаваць з майстрамі пяра не можа – тыя не жадаюць быць паслухмянымі прысцяжнымі рамянямі партыі, расказваюць антысавецкія анекдоты, пішуць адзін на аднаго даносы, злоўжываюць алкаголем… Сталін строга зірнуў на скаржніка і сказаў як адрэзаў: «Другіх пісьменнікаў у мяне для вас няма. Таму ідзіце і працуйце з тымі, якія ёсць».

Як выглядае, працаваць з пісьменнікамі, «якія ёсць», беларуская ўлада не жадае…

Антон ЗАГОРСКІ

Публікацыя – з № 63 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»