Мастак Алесь Пушкін

Пра сваю крымінальную справу палітвязень нічога не паведамляе.

Нагадаем: 30 сакавіка Алеся Пушкіна затрымалі ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў.

Мастак – фігурант крымінальнай справы, якую распачала пракуратура паводле ч.3 арт.130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці): «за ўчыненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму». Падставай для гэтага стаў партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара, які быў выстаўлены ў прыватным «Цэнтры гарадскога жыцця» ў Гродне.

На гэтым тыдні ад Алеся прыйшоў чарговы ліст, ён ішоў тыдзень, паведаміла «Народнай Волі» Яніна, жонка мастака. – Пра сваю справу і свой побыт традыцыйна ні слова.

Найперш Алесь віншаваў Міколку з паступленнем у ВНУ. Сын у нас малайчынка, без праблем паступіў на лячэбны факультэт Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта. Клопату мне як маці Мікола не даставіў. І бацьку парадаваў добрымі навінамі з волі.

Яніна распавядае, што ў мужа, відаць, ёсць магчымасць маляваць і ён нават дасылаў ёй свае ілюстрацыі. Але дадае:

– Аднак да мяне дайшла толькі адна з усіх дасланых, і Алесь быў вельмі расчараваны гэтым. Астатнія ілюстрацыі кудысьці зніклі…

Сяргей ЗАБЛОЦКІ

Публікацыя – з № 63 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»