Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

У вёсцы Горніца Гродзенскага раёна дзед хацеў глядзець па тэлевізары «Зорныя войны», а яго жонка – праграму «Жыць здарова». Моцна пасварыліся, адбылася нават патасоўка. З аэразолю і запальнічкі стары змайстраваў агнямёт і накіраваў яго на бабулю. Узбуджана крымінальная справа.

Любое нашае сяло
Калісьці засынала рана.
Чаму? Бо ў хаце не было
Блакітнага тэлеэкрана,
І паглядзець ніхто тады
Не мог канцэрт ці фільм цікавы.
Ды ў тым не бачылі бяды,
Бо ў ложку ладзілі забавы –
Стругалі, так сказаць, дзяцей
І спазнавалі асалоду…
Тэхнічны век усё часцей
Вяскоўцам стаў прыносіць шкоду:
Забаў у ложку ўжо няшмат,
І з дэмаграфіяй пагана,
Парой здараецца разлад
У сем’ях з-за тэлеэкрана.
Любіў глядзець, напрыклад, дзед
Усе касмічныя праграмы:
Пра невядомы нам Сусвет,
Пра Марс, для нас вядомы самы.
Стары і кнігу не адну
Гартаў пра зоркі і планеты.
Кіно пра зорную вайну
Глядзець збіраўся ў вечар гэты.
А жонка з дзёрзкасцю ўваччу
Рашучае сказала слова:
– Кіна не будзе! Я хачу
Глядзець праграму «Жыць здарова».
Праграму тую паглядзець
Я раю і табе, дарэчы,
Бо ты ўжо клыпаеш ледзь-ледзь,
А ў ложку твой імпэт – старэчы…
Ну а стары ў сваю чаргу
Адказ на гэта выдаў колкі:
– Пакуль што ў ложку ўсё магу,
Аднак жа не з табою толькі!
Ты збоку на сябе зірні:
Па хаце ходзіш, як карова.
Не дапаможа ўжо ані
Табе праграма «Жыць здарова»!
І так счапіліся яны,
Што кухталі ўжылі ад злосці.
Стары – плюгавы, не мажны,
Як кажуць людзі, скура й косці.
Затое баба – бы сцяна.
Як навалілася гарою,
Дык дзеда сплюшчыла яна –
Ледзь не сканаў ён пад старою.
Ды неяк выбраўся. Сябе
Абтрос, як певень пух і пёры.
Не перамог у барацьбе,
Таму, вядома, не ў гуморы.
А на экране, не сакрэт,
Ішла праграма «Жыць здарова».
«Ну, пачакай! – падумаў дзед, –
Яшчэ расплацішся сурова
За непавагу да мяне.
Я дам табе адказ дастойны:
Сябе адчуеш на вайне
І зорныя пабачыш войны!
Запомніш іх на многа год!»
З аэразолю, запальнічкі
Зрабіў сапраўдны агнямёт.
Хоць ён мізэрны, невялічкі,
Ды выплюнуў агонь такі,
Што баба бедная самлела…
Затым суровыя дзядзькі
Прыйшлі да дзеда з райаддзела.
Не даглядзеў, на жаль, кіно,
І для старога ў гэтым драма…
Але яго, па ўсім відно,
Чакае хвацкая праграма!

***

Смяецца малады сусед:
– Каб не зусім засохлі мошчы,
Каб не сварыцца з бабай, дзед,
Глядзі праграмы пра любошчы…

Складаней праполваць

Разумнае, добрае, вечнае
Мы сеем, як жыта, ячмень.
Аднак жа ёсць думка бясспрэчная:
Складаней праполваць штодзень…

Грэшна і смешна

Кахаць за грошы – грэшна,
Кахаць без грошай – смешна.

Бясконцыя пошукі

Няшчасная доля такая –
З начальствам заўжды варагую:
Спярша справядлівасць шукаю,
А потым – работу другую…

Харошы шлюб

Ад жанчыны пачуў кагадзе:
– Я лічыцьму, што шлюб харошы,
Калі бачыцьму мужа радзей,
А часцей – ягоныя грошы.

Публікацыя – з № 63 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»