У Вярхоўным Судзе Беларусі распачатая справа па іску Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэньне». Падрыхтоўчая сустрэча бакоў па справе прызначаная на 20 жніўня.

БНФ «Адраджэньне» – адно з найстарэйшых грамадска-палітычных аб’яднанняў Беларусі, якое было заснаванае ў 1988 годзе на пасяджэнні Аргкамітэту БНФ у Мінску, а зарэгістраваная як агульнанацыянальнае грамадскае аб’яднанне ў 1991 годзе.

Аб’яднанне структурна-юрыдычна адасобленае ад Партыі БНФ, але склад кіраўніцтва палітычнай партыі і руху з’яўляецца ідэнтычным – абедзве арганізацыі ўзначальвае старшыня Рыгор Кастусёў, які цяпер знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ. Супадае ў аб’яднання і партыі склад Сойму як кіруючага органу.

Як паведаміў намеснік старшыні БНФ Вадзім Саранчукоў, які выконвае абавязкі кіраўніка грамадскага аб’яднання падчас зняволення стрышыні, падставай для іска аб ліквідацыі пазначанае невыкананне патрабаванняў пісьмовага папярэджання, якое, як высветлілася, было вынесенае на адрас Грамадскага аб’яднаньня БНФ «Адраджэньне» 14 ліпеня.

Нагадаем, менавіта 14 ліпеня сілавікі выламалі дзьверы ў сядзібе БНФ, дзе месцяцца аргструктуры Партыі БНФ і Грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэньне». Гэты напад стаўся часткай рэйду праваахоўных органаў, які ў той дзень віраваў па арганізацыях грамадзянскай супольнасці Беларусі. Пасял гэтага офіс БНФ быў апячатаны Следчым камітэтам і супрацоўнікі арганізацыіі не мелі доступа да яе дакументаў.

Міністэрства юстыцыі вырашыла, што 33 гады для «Адраджэньня» - дастатковаЯк кажа намеснік старшыні партыі і руху БНФ Вадзім Саранчукоў, у арганізацыі разглядаюць іск аб ліквідацыі грамадскай структуры БНФ як частку абвешчанай уладамі кампаніі зачысткі грамадзянскай супольнасці:

«Апошні год БНФ жыве ў стане перманентных праверак з боку рэгіструючых органаў – правяраюць як цэнтральную арганізацыю, так і мясцовыя аргструктуры. Калі з высокіх трыбунаў прагучалі заклікі да вынішчэння арганізацыяў грамадзянскай супольнасці, атрыманне іску аб ліквідацыі БНФ быў толькі пытаннем часу. Падкрэслю, што пакуль гаворка не вядзецца аб лівкідацыі Партыі БНФ – пададзены іск аб ліквідацыі толькі руху, Грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэньне».

Фактычныя падставы для ліквідацыі выглядаюць сумнеўна – быццам бы арганізацыя не выканала патрабаванні пісьмовага папярэджання, якое было вынесенае у той час калі сілавікі выносілі маёмасць і дакументы з сядзібы БНФ у Мінску на вуліцы Чарнышэўскага. Натуральна, ніякага папярэджання  мы не атрымлівалі, калі яно нават і было дасланае – адпаведна і юрыдычныя падставы для ліквідацыі арганізацыі адсутнічаюць», – зазначыў Вадзім Саранчукоў.

Поделиться ссылкой: