Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Беларусі Леанід Касінскі ў інтэрв’ю газеце «Звязда» панаракаў на тое, што маладыя людзі нічога не могуць расказаць пра дасягненні краіны за апошнія 30 гадоў. Паводле яго слоў, ганарыцца патрэбна хаця б тым, што мы не галадаем.

Выказаў армейскі ідэолаг
Непадробны смутак і адчай.
(З-за падобных думак невясёлых
Людзі п’юць звычайна. І не чай.)
А якая гнюсная крамола
Нарадзіла ў клёпках ледзь не жах?
Ацаніць не можа наша моладзь
Пройдзены краінай слаўны шлях.
Ёсць у нас здабыткі-перамогі,
Акрыяў народ за трыццаць год!
Моладзь жа сцвярджае:
Шлях убогі,
Б’ецца люд, як рыбіна аб лёд.
Перш за ўсё няма свабоды слова:
Часам немаведама чаму
З намі распраўляюцца сурова
І за слова гоняць у турму.
Каб не наступаць на хвост уладзе,
Кожны быць павінны «глух і нем».
Дух дэмакратычны ў заняпадзе –
Многа ў нас на выбарах праблем…
Можа, наш народ цяпер багаты?
Не, не так, бо ўжо каторы год
Абяцае ўлада, што зарплаты
Мецьмем мы нарэшце «па піццот».
Творчы люд прыгнечаны, пануры,
Бездары адны – паслугачы,
І таму здабыткаў у культуры
Трыццаць год нямашака, лічы.
У фаворы толькі спорт ва ўлады –
Хоча, каб прыносіў медалі.
Дык і іх падчас Алімпіяды
«Падпісанты» многа не далі.
Словам, надта сціплыя здабыткі,
І падстаў для гонару няма…
Моладзі папрок уладзе брыдкі –
Ідэолаг злосны нездарма.
Гордасць засвяцілася ў паглядзе,
Калі выклаў ён казырны туз:
– З галадухі дзякуючы ўладзе
Не памёр ніводзін беларус!
Да таго ж, ад холаду пакуты,
Мусібыць, не зведвае ніхто:
Кожны з нас адзеты і абуты –
Чаравікі ёсць і паліто.
Што яшчэ, маўляў, народу трэба?
Гонар застанецца на вякі!

***

У сваёй гурме кавалкам хлеба
Ганарацца толькі жабракі.

Месца для подзвігу

Мы знаць не хочам гора і бяды,
І мудрацы гавораць нездарма:
Жыццё для нас цудоўнае тады,
Калі ў ім месца подзігу няма…

Дурныя думкі

І да старога, і да падлетка
Думкі дурныя спазняюцца рэдка…

Пра дабро

Не кожны сваё раскрывае нутро…
Скажу справядлівасці дзеля,
Што людзі харошыя робяць дабро,
А людзі нядобрыя – дзеляць.

Высокія адносіны

Ён гэтак жонку родную бярог,
Адносіны былі такімі чыннымі,
Што нават «патаптаць» яе не мог
І карыстаўся іншымі жанчынамі…

Раман з замужняй

Калі раман з замужняю кабетай,
Тым больш калі ён цягнецца здаўна,
Мужчына кожны задаецца мэтай,
Каб на развод не падала яна…

А карабель яшчэ плыве…

Хоць вас жыццё крамсае на шматкі,
Ды варта ўсё ж трымаць у галаве:
Калі навокал злыдні-пацукі,
Ваш карабель усё яшчэ плыве…

Бессаромнік

Кабета гнеў свой стрымлівае ледзь,
Пагляд не падабаецца кабеце.
– Мужчына! Перастаньце так глядзець!
Сумлення ў вас няма!
Вакол жа дзеці…

Апошні і першы

Ноч. Гаспадыня трымаецца ледзьве.
– Хутка аўтобус апошні паедзе…
Госці ж усклікваюць дружна:
– Няхай!
Хутка адправіцца першы трамвай!

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»