Сусветныя эксперты лічаць, што на парозе чацвёртая хваля каранавіруса. І, маўляў, спыніць яе можа толькі вакцынацыя. Еўропа і нашы суседзі ў прыватнасці паскараюць тэмпы вакцынацыі, у нас жа за прышчэпкай не спяшаюцца і самі людзі. 

Спрачаюцца і вакцынуюцца

Літоўскія СМІ паведамляюць, што па дадзеных на 1 жніўня цалкам прайшлі вакцынацыю 44% насельніцтва і 6,4% атрымалі першую прышчэпку. Урад Літвы рознымі спосабамі імкнецца ўплываць на колькасць вакцыніраваных грамадзян: уводзяцца новыя меры кіравання пандэміяй. У прыватнасці, шматлікія паслугі стануць недаступнымі для грамадзян, якія не зрабілі прышчэпку.

Дарэчы, падобныя меры ўводзяцца не толькі ў заходніх краінах, такая практыка распаўсюджана і ў буйных расійскіх гарадах: Маскве, Санкт-Пецярбургу. Прэм’ер-міністр Літвы Інгрыда Шымонітэ заявіла аб неабходнасці правакцыніраваць 70–80% насельніцтва, маўляў, такая колькасць прышчэпленых дазволіць абараніць нават тых, хто па стане здароўя не мог прайсці вакцынацыю.

Тым не менш, на мінулым тыдні ўсе мы маглі назіраць за пратэстамі, якія адбываліся ў Вільнюсе. Па сведчанню СМІ каля пяці тысяч чалавек выступалі супраць новых забаронаў для невакцыніраваных і супраць увядзення «пашпарта магчымасцяў». Сярод патрабаванняў пратэстоўцаў гучалі таксама патрабаванні адмяніць праекты па прымусовай вакцынацыі як дзяцей, так і для дарослых. Але як бы там не было, палова насельніцтва Літвы ўжо мае прышчэпкі ад COVID-19.

“Ніякай прымусоўкі”

У Беларусі, паводле афіцыйных дадзеных, на 22 ліпеня 2021 года вакцыніравана ўсяго трохі больш за 10% насельніцтва. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што прымусовай вакцынацыі супраць COVID-19 у Беларусі быць не павінна: “Хоча чалавек вакцыніравацца – няхай вакцыніруецца, не хоча – не трэба” – падсумаваў ён у сваім выступленні.

Гродзенская вобласць трапіла на апошняе месца ў гэтым спісе. Тут на канец першай дэкады жніўня першым кампанентам вакцыны было прывіта каля 130 тысяч чалавек (12,8% насельніцтва). У Гродне – каля 54,5 тысяч чалавек (13,6%).

І гэта нягледзячы на тое, што атрымаць прышчэпку можна не толькі ў паліклініках абласнога цэнтра, адкрыты адмысловыя медыцынскія пункты і ў буйных гандлёвых кропках.

Тым часам у гродзенцаў на гэта ёсць свае адказы. Адны кажуць, што вакцына, якой нам прапаноўваюць прышчапляцца – “Спутнік-V”, не прайшла належных выпрабаванняў і абсалютна незразумела, якія наступствы можа прынесці чалавеку. Многім стала страшна, бо пасля таго, як атрымаўшы прышчэпкі, некаторым станавілася дрэнна, падымалася тэмпература. Іншых не задавальняе тое,што прышчэпкі, якія прапаноўваюць у Беларусі для вакцынацыі, нідзе ў свеце не прайшлі сертыфікацыю. А гэта значыць, што калі ты іх і маеш, то ўсё роўна ў Еўропу з імі паехаць не можаш.

Дарэчы, Аляксандр Лукашэнка аб’явіў, што Польшча прапанавала Беларусі вакцыну AstraZeneca.  Яе могуць завесці ў бліжэйшы час у нашу краіну. Цікава будзе паглядзець, ці зменіць гэта сітуацыю.

Дарэчы, медыкі папярэджваюць, што вакцына гэта яшчэ не нагода адмовіцца ад масачнага рэжыму. У Гродне, да прыкладу, ён уведзены з 14 лістапада мінулага году. Ва ўсіх грамадскіх месцах і ў транспарце гаражане павінны апранаць маску, а таксама прытрымлівацца сацыяльнай дыстанцыі і выкарыстоўваць антысептыкі. Праўда, апошнім часам вельмі многія гэтыя правілы ігнаруюць. А свет тым часам у чаканні чацвёртай хвалі пандэміі.

Публікацыя – з № 62 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»