Соф'я Ціханоўская

Сяргея Ціханоўскага разам з Міколам Статкевічам, Ігарам Лосікам, Арцёмам Сакавым, Дзмітрыем Паповым і Уладзімірам Цыгановічам ужо другі месяц судзяць у закрытым рэжыме ў гомельскім СІЗА-3. Блогераў і палітыка хочуць прызнаць вінаватымі ў шэрагу цяжкіх злачынстваў, у тым ліку ў арганізацыі масавых беспарадкаў у перыяд падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў.

Маці блогера Ціханоўскага Соф’я Яфрэмаўна, якая жыве ў Гомелі, кажа, што ў суд яе не выклікалі і яна, па сутнасці, не ведае, як вядзецца судовае разбіральніцтва ў следчым ізалятары.

«Бог ёсць на свеце. Тое, што зрабілі ў нас на дачы (пасля шматгадзіннага ператрусу нечакана знайшлі за канапай 900 тысяч долараў), маглі зрабіць толькі людзі без сумлення. Нішто не застанецца беспакараным», – сказала «Народнай Волі» Соф’я Ціханоўская.

Праз згаданую «знаходку» суд Савецкага раёна Гомеля ў чэрвені на падставе іску падатковай інспекцыі вырашыў спагнаць з Сяргея Ціханоўскага амаль 258 тысяч беларускіх рублёў падвышанага падатку. Гэта акалічнасць стала дадатковым галаўным болем і для маці блогера. У скарзе Ціханоўскі пісаў, што гэта не яго грошы, ён не ведае пра іх паходжанне. І расходаваць іх блогер не мог, бо ўвесь час знаходзіўся ў СІЗА. Хаця сілавікі сцвярджаюць, што грошы належаць менавіта Ціханоўскаму, які атрымаў іх на правядзенне пратэстаў.

За ўвесь час знаходжання Сяргея ў Гомелі Соф’я Яфрэмаўна бачылася з сынам толькі адзін раз, калі мела з ім кароткае спатканне. Пераканана, што сыну цяжка, бо там, дзе ён, – не Рыа-дэ-Жанейра. Маці і самой надзвычай складана, бо яна кепска сябе пачувае.

Анатоль ЛІПСКІ

Публікацыя – з № 62 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: