Алесь Бяляцкі

Крыху больш за месяц знаходзяцца за кратамі праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч.

Пасля ператрусаў, допытаў і некалькіх сутак у ізалятары часовага ўтрымання праваабаронцаў перавялі ў СІЗА на Валадарскага, дзе яны знаходзяцца і зараз.

У мінулым месяцы ў судзе Партызанскага раёна Мінска ў закрытым рэжыме была разгледжана скарга абаронцы Алеся Бяляцкага на пастанову аб прымяненні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, але суддзя Міхаіл Макарэвіч не задаволіў скаргу.

Дарэчы, адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні, таму яны не могуць распавесці абставіны справы.

– Практычна ніякіх навін ад Алеся няма, – распавяла «Народнай Волі» Наталля ПІНЧУК, жонка Алеся Бяляцкага. Лістоў ад яго атрымліваю вельмі мала, не параўнаць з тым часам, калі дзесяць гадоў таму мужа таксама арыштавалі, а затым асудзілі. Ён тады вельмі актыўна пісаў лісты не толькі мне, але і іншым сябрам і знаёмым.

А зараз за месяц я атрымала ўсяго чатыры лісты. Алесь іх нумаруе, таму бачна, што некаторыя проста не праходзяць цэнзуру. Напрыклад, першым мне прыйшоў ліст пад нумарам тры, затым другі і шосты…

– Пра што піша Алесь?

– Тыя лісты, што прарваліся на волю, вельмі кароткія па змесце і ў асноўным бытавога характару. Думаю, Алесь усведамляе, што яго лісты не даходзяць, а таму спрабуе хаця б малым фарматам нешта пра сябе паведаміць.

Трэці ліст быў напісаны наогул ледзь не на абрыўку паперы. Не ведаю, якая там сітуацыя з паперай, але я перадавала яе ў ізалятар.

– Пра ўмовы ўтрымання, сваё здароўе нешта паведамляе?

– На жаль, у лістах пра гэта нічога няма. Хаця перадачы для яго прымаюць – і прадукты, і канверты, і ўсё астатняе.

– Ці былі ў Алеся перасцярогі, што справа можа закончыцца арыштам?

– Так, ён разумеў, што ў любы момант можа апынуцца за кратамі, але ў той жа час з’язджаць за мяжу ў яго планах не было, хаця зрабіць гэта мог даволі проста. За сабой Алесь ніякай віны не адчуваў і не адчувае.

Публікацыя – з № 62 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»