Ці быў дазволены праўладны пікет каля літоўскай амбасады ў Мінску?

З такім пытаннем Беларуская партыя «Справядлівы свет» звярнулася ў Мінгарвыканкам.

Нагадаем, што 4 жніўня каля амбасады Літвы ў Мінску прайшоў праўладны пікет з лозунгамі «Літва – канцлагер ХХІ стагоддзя», «Літоўскія карнікі – забойцы дэмакратыі!», «Науседу ў Гаагу». Падставай для пікету паслужылі паведамленні Дзяржпагранкамітэта пра смерць мігранта з Ірака на беларуска-літоўскай мяжы. Сапраўды: пікет каля будынку літоўскага пасольства паўстаў вокамгненна, як грыбы пасля дажджу, праз вельмі кароткі час пасля з’яўлення навіны аб тым, што здарылася ў праўладных телеграм-каналах. Прычым пікетоўцы зладзілі сваю акцыю ў самы разгар працоўнага дня!

Напрыканцы мінулага тыдня мінскі гарадскі камітэт Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» накіраваў ліст у галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама з патрабаваннем растлумачыць, ці была гэтая акцыя ўзгодненая гарадскімі ўладамі. Калі не і мерапрыемства ўсё ж было несанкцыянаваным, то чаму арганізатары пікета не прыцягнуты да адказнасці?

Прадстаўнікі партыі «Справядлівы свет» таксама просяць паведаміць, хто з’яўляўся арганізатарам пікету і ў адпаведнасці з якім артыкулам закона «Аб масавых мерапрыемствах» ён праводзіўся.

«Мы лічым зусім недапушчальнай сітуацыю, калі прыхільнікі рэжыму могуць збірацца дзе заўгодна і праводзіць свае мерапрыемствы ў парушэнне закона «Аб масавых мерапрыемствах», у той час як апаненты ўлады за тыя ж дзеянні могуць атрымаць адміністрацыйны арышт або нават папасці пад крымінальны пераслед, адзначаюць у прэс-службе партыі «Справядлівы свет». Асобна варта адзначыць, што тыя, хто апынуўся на «сутках» па палітычных прычынах утрымліваюцца ва ўмовах, якія можна класіфікаваць як катаванні. Справа не ў тым, што мы хочам абмежаваць чыёсьці права на свабоду сходаў, але для нас відавочным з’яўляецца той факт, што падвойныя стандарты тут зусім недапушчальныя».

Марына ВІШНЕЎСКАЯ

Публікацыя – з № 62 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»