Александр Класковский. Фото из открытых источников
Александр Класковский. Фото из открытых источников

Палітычны аглядальнік – пра галоўныя ўрокі жніўня 2020-га.

16 жніўня 2020 года на вуліцы Мінска ды іншых беларускіх гарадоў выйшлі сотні тысяч беларусаў. Яны пратэставалі не толькі супраць афіцыйных вынікаў выбараў – іх абурыў беспрэцэдэнтны гвалт у дачыненні да тысяч затрыманых у першыя дні пасля завяршэння кампаніі.

Здавалася, здарылася тое, чаго многія чакалі не адзін год: у Мінску на вуліцы выйшлі нават не сто тысяч, а некалькі сотняў тысяч. Такога незалежная Беларусь яшчэ не бачыла. Але рэжым не абрынуўся, як многія чакалі. Увечары 16 жніўня дэманстранты разышліся па дамах.

Ці маглі беларусы здабыць свабоду ў тыя дні, якія памылкі дапусцілі лідары пратэсту, чаму беларусаў навучыў жнівень 2020-га? На гэтыя ды іншыя пытанні «Салідарнасці» адказаў палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Пра шанцы на перамогу

– На мой погляд, беларускай жнівеньскай рэвалюцыі было наканавана быць мірнай. З шэрагу прычын. Тут і ўвогуле ментальнасць беларусаў, і тое, што выходзілі пераважна людзі неваяўнічыя. Касцяк маніфестантаў складалі прадстаўнікі прасунутага класа, сярэдняга класа – айцішнікі, прадпрымальнікі, студэнты, інтэлігенцыя.

Гэта не былі нейкія адмарозкі, як гэта потым малявала афіцыйная прапаганда. Так, мелі месца лакальныя сутычкі, але ўвогуле людзі былі настроеныя на мірны пратэст, – падкрэсліў эксперт.

Калі ўявіць адваротную сітуацыю – гвалтоўны пратэст, мэтанакіраванае супрацьборства з сілавікамі, спробы захапіць нейкія адміністрацыйныя будынкі, то ў Аляксандра Лукашэнкі хапіла б кулямётаў, каб спыніць людзей, упэўнены ён.

Акрамя таго, у выпадку перамогі рэвалюцыі была вялікая імавернасць, што тут высадзяцца пскоўскія дэсантнікі:

– Пуцін быў гатовы дапамагчы, потым ён пра гэта сказаў. У пэўным сэнсе гэта была фатальная сітуацыя. Бо цяперашняя Расія, сённяшні Крэмль не могуць дапусціць, як яны кажуць, каляровай рэвалюцыі ў суседняй краіне, якую лічаць сваім стратэгічным плацдармам. Жнівеньскія падзеі маглі стаць больш крывавымі, але шанцаў перамагчы ў тых пратэстаў, думаю, было няшмат.

Што (не) зрабілі лідары пратэсту

– У той сітуацыі старая апазіцыя апынулася ўбаку, увогуле ніякай ролі не іграла. Новыя лідары былі людзьмі неспрактыкаванымі і ў пэўнай ступені ідэалістычнымі, настроенымі вырашаць праблемы законнымі сродкамі ў сітуацыі, калі законы не працуюць. У іх не было нейкага сапраўды дзейснага плана, дый не магло, напэўна, быць.

Пры гэтым, на думку эксперта, новыя лідары за адносна кароткі час той выбарчай кампаніі заўважна эвалюцыянавалі:

– Тая ж Святлана Ціханоўская, людзі з каманды Віктара Бабарыкі за некалькі месяцаў з невядомых персон сталі яркімі і адметнымі фігурамі. І гэта максімум, я думаю, чаго яны маглі дасягнуць. Яны паспрыялі народнаму ўздыму, які ўразіў, нават шакіраваў уладу. У першыя дні пасля выбараў былі пэўныя ваганні сярод сілавікоў, наменклатуры.

Аляксандр Класкоўскі падкрэсліў, што лідары пратэсту і іх штабы, відаць, недаацанілі, наколькі важна было працаваць з прадастаўнікамі ўладных эліт – як падчас выбарчай кампаніі, так і ў першыя дні пасля выбараў, калі ішлі масавыя пратэсты:

– Мы бачылі, што тады некаторыя мясцовыя кіраўнікі вагаліся і нават дазвалялі пэўныя ліберальныя рэчы, напрыклад у Гродне. Лідары пратэсту маглі б мацней працаваць з вертыкаллю, чынавенствам, сілавікамі ў гэты момант. Хаця, кладучы руку на сэрца, наўрад ці было рэальна перацягнуць іх цалкам на свой бок.

Таксама, на думку аглядальніка, была недаацэнена праца з рабочымі прадпрыемстваў, якія ў такія гістарычныя моманты іграюць важную ролю. У выніку ж, як вядома, нацыянальны страйк не адбыўся.

16 жніўня

Аляксандр Класкоўскі нагадвае, што ў першыя пасля выбараў дні, у тым ліку і 16 жніўня, на вуліцах панавала самаарганізацыя людзей. Трэба прызнаць, што сваю ролю адыгралі і тэлеграм-каналы. Марыя Калеснікава спрабавала ў нейкія моманты выйсці ўперад калоны. Але ўвогуле персанальнага лідарства відавочна не ставала.

Пры гэтым палітычны аглядальнік прызнае, што тагачасныя лідары не маглі скочыць вышэй за пояс:

– Выйшаў бы тады лідар – і што? На штурм прэзідэнцкага палаца мусіў павесці людзей? Нейкага плана перамогі над добра ўзброенай прэтарыянскай гвардыяй Лукашэнкі не было. І, напэўна, не магло і быць.

Паводле слоў суразмоўцы «Салідарнасці», у той момант многае залежала ад настрояў сілавікоў і наменклатуры. Так, частка з іх вагалася, хтосьці, кажучы словамі Лукашэнкі, гатовы быў залезці пад плінтус, але большасць была поўная рашучасці дзейнічаць усімі сродкамі.

– Ужо стаялі каля палаца Лукашэнкі БТРы. Я думаю, калі б дайшло да крытычнай сітуацыі, мог бы быць адкрыты агонь з буйнакаліберных кулямётаў. Так, можна сказаць, што жнівенская рэвалюцыя была ўзлётам беларускага нацыянальнага духу, яна была прыгожым парывам да свабоды.

Але з улікам той узброенай сілы, якую меў Лукашэнка, і таго, што за спінай у яго стаяў Пуцін, шанцаў на перамогу ў рэвалюцыі практычна не было.

Палітаглядальнік прыгадаў крытыку з боку ўкраінцаў, якая досыць часта гучала пасля жнівеньскіх падзей у Беларусі. Маўляў, трэба было нам дзейнічаць больш рашуча і жорстка, так, як гэта было ў іх падчас апошняга Майдана.

– Тут трэба глядзець глыбей. Ва Украіне не было такога жорсткага аўтарытарызму, там быў раскол эліт, там былі прыватныя тэлеканалы, алігархі, якія сілкавалі Майдан. У Беларусі Лукашэнка стварыў за гэтыя гады занадта жорсткую аўтарытарную сістэму. У нас не было расколу эліт, таму шанцы на перамогу ў прыхільнікаў змены ўлады былі мізэрныя. Для гэтага патрэбны быў нейкі ўнікальны збег абставін. У прыватнасці, калі б па ўсёй краіне застрайкавалі прадпрыемствы, гэта магло б стаць пераломным момантам.

Галоўныя ўрокі жніўня

– Я згадваю апошнія дні перад выбарамі, калі разам з іншымі журналістамі задаваў лідарам палітычнай альтэрнатывы пытанні кшталту: «Вось людзі выйдуць на вуліцы. Ці ёсць у вас нейкі план, ці гатовы вы стаць наперадзе?» І тыя, магчыма, у пэўнай ступені з меркаванняў канспірацыі, але насамрэч, я думаю, не маючы дзейснага плана, дэкларавалі нейкія банальнасці, агульныя словы, не давалі ўцямнага адказу.

На думку палітаглядальніка, лідары ў кожным разе мусяць несці адказнасць за тых, хто выходзіць на вуліцу. Але разам з тым цяжка патрабаваць немагчымага ад людзей, якіх імкліва вынес на такія ключавыя ролі збег абставін, пры тым што многія харызматычныя фігуры ўжо сядзелі за кратамі.

– Што датычыць простых беларусаў, то праз год, калі ўсё здушана жорсткімі рэпрэсіямі, напэўна, у часткі з іх узнікае думка: «Ці варта было выходзіць, можа, трэба было адсядзецца, як мыш пад венікам?»

Я ўсё ж думаю, што свабода не звальваецца з неба сама, яна вымагае высілкаў і ахвярнасці. І хоць леташнія падзеі сталі вельмі драматычнай, нават трагічнай старонкай, але гэта была, напэўна, непазбежная старонка ў гісторыі Беларусі. І гэтыя падзеі ў кожным разе заклалі падмурак далейшай барацьбы за свабоду.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»