Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

У Жлобіне 39-гадовы бацька дваіх малалетніх дзяцей вырошчваў дома кусты марыхауны, абсталяваўшы пад міні-лабараторыю… пральную машыну.

Прыахвоціўся патрошкі
Да наркотыкаў дзяцюк.
(Збочыў з правільнай дарожкі,
Як звычайна піша друк.)
Хоць на грошы небагаты,
Ды ў другіх купляў спярша:
Нёс бюджэт сямейны страты:
Дарагая анаша.
А ў яго ж малыя дзеткі,
Жонцы трэба манікюр…
«Ну чаму ж я дурань гэткі?
Сам магу вырошчваць «дур»,
Траціць грошы больш не стану!» –
Неяк вырашыў дзяцюк
І купіў марыхуану –
Тых кустоў аж дзесяць штук!
Быў набытку дужа рады.
Толькі іх вырошчваць дзе?
Калі высадзіць на грады,
Дык, вядома, быць бядзе:
Заўтра ж злыдзень-участковы
Грозна ступіць на парог,
Каб на рукі ўздзець аковы
І загнаць яго ў астрог.
А нашто яму цямніца?
Доўга ён сушыў мазгі,
І прыдумаўся як быццам
План разумны, неблагі.
Сам сабе аддаў даніну:
«Кумпал маю не пусты!
Трэба ў пральную машыну
Мне змясціць свае кусты,
І не будзе лепшай сховы.
Калі раптам да мяне
І прысунецца ўчастковы,
Дык туды не зазірне».
Даспадобы кайф мужчыну,
Цешыў цела і душу,
Бо, лічы, на дармаўшчыну
Меў ён зараз анашу.
Ды і ў жонкі ўжо з-за грошай
Не балела галава –
Стала зноў яна харошай…
Так было і год, і два.
І дзяцюк здзівіўся шчыра,
Хоць і меў ён бледны від:
Участковы (во праныра!),
Так сказаць, нанёс візіт.
А ў машыну тую ўсё-ткі
Зазірнуў, відаць, калі
Паглядзеў, што ў дзетак шмоткі
Вельмі бруднымі былі…

Падрыхтаваліся да школы

Першы клас чакае сына.
Трэба тату й маме
(Вельмі важная прычына!)
Пабываць у краме.
Закупілі маладзёны
Сшыткі, кніг бярэмя,
Ручкі, фарбы, сціркі, дзённік,
Валяр’янку, рэмень…

Месца на паркоўцы

На паркоўку я прыгнаў машыну,
Грошы даў ахоўніку ў акне.
Месца на паркоўцы
За гадзіну
Зарабляе болей за мяне…

Мара кожнага мужчыны

Хоць дзед стары ці маладзён
Зусім нягеглы звонку,
Гнілы ўнутры, ды марыць ён
Знайсці такую жонку:
Красуня, як Мэрлін Манро,
Бы ў Хакамады – розум;
Каб не вярэдзіла нутро,
Як прыйдзеш нецвярозым;
У ложку – лепшая з путан,
На кухні – гаспадыня;
Калі благі душэўны стан,
Яна настрой падыме;
І каб машына – не га…но,
І дом – вялікім коштам…
Але пытанне ёсць адно:
«А вы такой навошта?»

Запрашэнне

– Прыходзь увечары, сусед.
Не будзе дома жонкі,
Я затаварыўся як след
Для шчырае гамонкі.
Развеем скруху і нуду,
Як возьмем мы на грудзі!
– Не, не хачу. Я лепш прыйду,
Калі цябе не будзе…

Яшчэ прыпомніць…

Падказку харошую дам
Наіўным мужам маладым:
Усё, што прабачыла вам,
Жанчына прыпомніць затым…

Публікацыя – з № 61 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»