Пра гэта ў сацсетках паведаміла яго жонка Марына Шыбко.

«Ужо чатыры месяцы, як АІФ – вязень замка «Амерыканка», – гаворыць Марына. – Утрыманне пад вартай падоўжана да 12 кастрычніка, але муж піша, што збіраецца сустрэць там і дзень нараджэння, і Новы год. Таму перадала тэлевізар, і ўжо галоўную трансляцыю 9 жніўня ён бачыў.

…Памяняліся сакамернікі, пра што журыўся, бо людзі былі прыстойныя і «рукастыя», нават штаны, якія былі «выхадныя», яму ўшылі, бо ён схуднеў.

Спякоту перанёс ніштавата, вырвалі зуб вельмі ўдала, але абвастрылася падагра, кульгае…

Вельмі рады, што аднавіліся закупкі кніг, набыў «Маскоўскую сагу» Аксёнава, «Сандро з Чэгема» Іскандэра, тры часткі «Чонкіна» Вайновіча і «Падарожжа дылетанта» Акуджавы (дома рукі не даходзілі). У мінулым месяцы трапіў да яго том апавяданняў Даўлатава, дык падсадзіў сакамернікаў на даўлатаўскую прозу, абмеркаванне перарасло ў сапраўдную чытацкую канферэнцыю!

А яшчэ перадаў рукапіс па Караткевічу на прачытанне следчаму, каб потым перадаць мне. Бедны слядак, папаў!

Перадае прывітанні ўсім сябрам, якія памятаюць і пішуць, нават калі не даходзяць лісты. А ўсім дамам цалуе ручкі (Сашка бабнік, я заўсёды яму пра гэта казала). Вось такія ў нас навіны…»

Публікацыя – з № 61 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»