З інтэрнэту даведаўся, што Міністэрства замежных спраў Беларусі распаўсюдзіла заяву з нагоды прынятых Злучанымі Штатамі Амерыкі, Вялікабрытаніяй і Канадай санкцый супраць лукашэнкаўскага рэжыму. Я таксама не староннік «халоднай вайны» ў адносінах да нашай краіны. Але ў той жа час не разумею цынічнасці дыпламатычнага ведамства, якое ўзначальвае Уладзімір Макей.

Вось сказ з заявы: «Адзінае, чаго дамагаецца Захад, грэбліва ігнаруючы вынікі волевыяўлення беларускага народа, – гэта змена ўлады ў Беларусі». Пра якое волевыяўленне беларускага народа можна гаварыць, калі ўсе ведаюць, што адбылася фальсіфікацыя вынікаў выбараў?! І Захад не ігнаруе волевыяўленне беларусаў, а, наадварот, спрыяе ім у адстойванні справядлівасці, іх законных правоў.

Так, толькі народ мае права вырашаць, якая ўлада павінна быць у краіне. І любыя выбары трэба праводзіць чэсна, без падтасовак, у строгай адпаведнасці з заканадаўствам. І ці ж мае рацыю Макей, ківаючы ў бок Захаду, які, на яго думку, «грэбліва ігнаруе вынікі волевыяўлення беларускага народа»? Спадар міністр, вы добра ведаеце, хто праігнараваў сапраўднае волевыяўленне мільёнаў беларусаў, і не трэба вінаваціць Захад. Давайце хутчэй праводзіць новыя прэзідэнцкія выбары.

Расціслаў КАРАНЕЎСКІ

Публікацыя – з № 61 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»