У аграгарадку Путрышкі Гродзенскага раёна ваду з дамоў, скляпоў, хлявоў і нават агародаў ужо не першы раз адпампоўваюць з дапамогай ратавальнікаў МНС – самі людзі не спраўляюцца. Перапіска з мясцовымі ўладамі працягваецца больш за год, але пакуль жыхары Путрышак атрымліваюць толькі абяцанні.

«Добра, што лівень не ўначы быў»

На вуліцы Фестывальнай у Путрышках найбольш пацярпеў дом пенсіянеркі Валянціны Адамовіч. Жанчына, адпрацаваўшы 40 гадоў на заводзе ў горадзе, вярнулася ў бацькоўскую хату і жыве тут з мужам-інвалідам.

– Ні агарода, ні бульбы – цяпер нічога няма, – з горыччу распавядае яна пра сваю бяду. – Тут вунь перцы былі, там цыбуля, клубніцы, часнок – усё вымакла, нічога не засталося.

Вада ў хаце стаяла на паўметра. Валянціна Уладзіміраўна паказвае вільготныя сцены, сапсаваную бытавую тэхніку, узадзьмутую мэблю. Падлога не прасыхае…

Карневіч-Путрышкі_1
Валянціна Адамовіч паказвае, да якой адзнакі стаяла вада ў яе хаце. Фота аўтара

– Добра, што хоць лівень не ўначы быў, – заўважае спадарыня. – Бо мужа давялося б з хаты на руках выносіць, а я ўжо не змагла б.

Вада, распавядае жанчына, і раней падыходзіла да агарода і хаты, але так, каб усё затапіла, то гэта стала пасля таго, як высеклі лес на могілках.

Прыкладна ў 400–500 метрах ад вёскі знаходзяцца гарадскія могілкі. Летась іх пачалі пашыраць за кошт высечкі векавой дубровы, якая аддзяляла вёску. Людзі тады пачалі скардзіцца, і «Народная Воля» пісала пра гэтую праблему. Высечку лесу спынілі, але сістэму сцёку вады з могілак у парадак не прывялі.

Валянціна Уладзіміраўна кажа, што наступствы ад моцнага дажджу маглі быць не такія маштабныя, калі б была пракапана самая звычайная ліўнёўка, калі б дарога мела трохі ўхіл у бок ад хаты.

– На гэта патрэбны невялікія грошы, але ўладам не да нашай праблемы, – не хаваючы слёз крыўды, прамаўляе жанчына. – У іх заўсёды нейкія адгаворкі: то тэхнікі няма, то людзей. Я і пісала, і тэлефанавала, і хадзіла…

У меншай ці большай ступені затапіла ўсіх жыхароў Фестывальнай вуліцы. У суседа Валянціны Уладзіміраўны спадара Сяргея вада яшчэ стаіць у склепе – выдаляе яе помпай. У гаражы яе адпампоўвалі супрацоўнікі МНС.

– Я глядзеў навіны па тэлевізары, сын тэлефануе: вынесі боты, бо ў хату ўвайсці не магу – столькі вады! – згадвае мужчына. – Ніхто нічога не робіць, не чысціць ніякіх сцёкаў, а як высеклі лес – вада проста паперла на нас з могілак.

Спадар згадвае, што былі тут і старшыня сельсавета, і ўчастковы, і з горада прыязджала начальства, але нічога не зроблена.

Вянкі прыплывалі ў вёску

Вуліца Фестывальная самая забытая ў Путрышках. Аб гэтам мне распавядаюць яе жыхары.

Пётр Бозыр, які нарадзіўся тут і пражыў ужо больш за 40 гадоў, тлумачыць: гэта адзіная вуліца ў аграгарадку, дзе няма ні вадаправода, ні каналізацыі, у дамы не падведзены газ, не заасфальтавана дарога, а ў апошнія гады пасля дажджоў яшчэ і пастаянна залівае жыллё і ўчасткі. Дарэчы, не толькі спадар Пётр, але і ўсе жыхары вуліцы, з якімі давялося размаўляць, у адзін голас тлумачаць, што прычынай стала пашырэнне гарадскіх могілак і высечка векавой дубровы.

– Пашырэнне могілак правялі з парушэннямі заканадаўства, – тлумачыць жонка Пятра спадарыня Святлана. – Месца пахавання людзей павінна быць ніжэй па ўзроўні, чым населены пункт. А яны высеклі лес, навазілі туды грунту, і цяпер вада пасля дажджоў цячэ да нас з горкі.

Цячэ вада з могілак у агарод, у хату...
Праз некалькі дзён пасля залевы вада па-ранейшаму стаіць перад дамамі. Фота аўтара

Жанчына згадвае, што больш за год таму мясцовыя жыхары змагаліся з уладамі за тое, каб не секлі лес, бо гэта адзінае, што аддзяляе іх ад царства мёртвых, аргументавалі: сцёкі вады з могілак зроблены ў бок вёскі. Але іх ніхто не слухаў.

– Цяпер пасля залеў з могілак цячэ не проста ручай, а рака, прычым летась і вянкі плылі да самых дамоў. Калі так яшчэ год будзе – паплывуць і труны, – папярэджвае спадар Пётр.

Сёлета, як расказалі мае суразмоўцы, затапіла не толькі будынкі і агароды, але і аўтаномную каналізацыю ў людзей, свідравіны. У выніку пітной вады ў іх цяпер няма.

– Я здавала ваду на экспертызу ў санстанцыю, і там устанавілі, што ў нашай вадзе ёсць кішэчная палачка, нітраты і піць яе нельга, – канстатуе спадарыня Святлана. – І парада ад санстанцыі: выклікайце спецыялістаў і вычышчайце студню. Вось і ўся іх дапамога. А тое, што ёсць закон аб санітарных правілах, – аб гэтым ні слова.

Ёсць абяцанні ад чыноўнікаў

Скардзіліся жыхары Фестывальнай у райвыканкам, гарвыканкам, аблвыканкам, хадзілі на прыём да старшыні аблвыканкама, пісалі ў санстанцыю і ў пракуратуру… Людзі паказваюць афіцыйныя лісты з названых устаноў.

Старшыня райвыканкама Я.Васілеўскі літаральна днямі даў адказ, што ўжо зараз вядуцца праектныя работы па газіфікацыі і правядзенні вадаправода на вуліцы Фестывальнай, будаўніча-мантажныя работы плануюць выканаць у 2022 годзе. Чыноўнік называе нават кошт гэтых работ – 120 тысяч рублёў.

Каментуючы яго адказ, адзін з жыхароў вуліцы нагадвае, што праектныя работы па газіфікацыі і правядзенні вадаправода вяліся яшчэ за савецкім часам – у яго нават засталіся тыя планы. Але далей справа не пайшла.

Аднак Васілеўскі ў сваім лісце сцвярджае, што гарадская ЖКГ выканала работ на 4 тысячы рублёў, каб прадухіліць сцёк дажджавых вод з могілак у Путрышкі.

– Проста слоў няма! – абураецца ў адказ спадарыня Святлана. – Работы на паперы выкананы, дзяржаўныя грошы затрачаны, а нас амаль усіх падтапіла!

Жыхары Фестывальнай прапанавалі прайсці туды, дзе, як напісаў Васілеўскі, былі выкананы работы на 4 тысячы рублёў. Дарога ўражвае: мы ідзём увесь час пад горку нібы па высахлым рэчышчы. Гэта ўсё сляды ад вады, якая пасля дажджоў цячэ з пахаванняў у вёску. Вось перад намі агароджа могілак, размытыя бетонныя сцёкі, прывезеная зямля, з якой экскаватарам зрабілі нешта кшталту бруствера, зараз ён размыты з двух бакоў. Дарэчы, 4 тысячы рублёў, каб прывезці некалькі машын грунту і пассоўваць яго трактарам, – ці не дарагавата?

Цячэ вада з могілак у агарод, у хату...
Размыты сцёк з гарадскіх могілак, па якім вада накіроўваецца ў вёску Путрышкі. Фота аўтара

– Навошта было дзяржаўныя грошы марнаваць? – задаецца пытаннем спадар Пётр. – Гэта ж проста для птушачкі зроблена.

У мясцовым сельсавеце старшыня Валерый Байкоў ведае пра праблему, быў на месцы, бачыў, што адбывалася, але, маўляў, не ў яго сілах нешта канкрэтнае зрабіць. У сельсавета на гэта няма сродкаў, а таму старшыня спасылаецца на тое, што гарадская ЖКГ, калі секлі лес на могілках, брала на сябе абавязкі вырашыць усе праблемы.

Намеснік генеральнага дырэктара Гродзенскай ЖКГ Аляксей Бодзіч, выслухаўшы маё пытанне, параіў патэлефанаваць пазней. Але пазней ужо альбо скідваў званкі, альбо наогул не знімаў слухаўку. У офісе прадпрыемства я звярнуўся за тлумачэннямі да галоўнага інжынера Аляксандра Карповіча, але і той адмовіўся адказваць на пытанні, спаслаўшыся на тое, што не атрымліваў такога загада ад кіраўніцтва. Зрэшты, нічога новага – знаёмая песня.

«Мы пастаянна праводзім там маніторынг вады – яе піць нельга»

Гродзенскі эколаг Яўген Філімонаў, які неаднойчы наведваўся ў Путрышкі і добра ведае сітуацыю, яшчэ раз нагадвае, што праблема з’явілася пасля таго, як пачалі высякаць лес. І цяпер уся вада, якая збіраецца на асфальтаваных участках могілак, па сцёках, зробленых чамусьці ў бок вёскі, бяжыць туды.

– Такіх патокаў вады мясцовыя жыхары ніколі раней не бачылі. Страты ў людзей вялізныя, – падкрэслівае Філімонаў.

Эколаг звяртае ўвагу на тое, што з могілак збягае вада, у якую трапляюць фарбы і шкодныя рэчывы (напрыклад мыш’як) ад кітайскіх штучных кветак, якія людзі прыносяць на магілы. І ўсё гэта аказваецца ў агародах і студнях.

– Мы пастаянна праводзім там маніторынг вады – яе піць нельга, – падсумоўвае Філімонаў.

Адзінае рэальнае выйсце, лічыць эколаг, пракапаць старую дарогу, якая ідзе па ўскрайку лесу, і злучыць першы сектар могілак з трэцім:

– Калі зрабіць там траншэю, то вада не будзе заставацца на тэрыторыі могілак і не будзе цячы ў вёску. Я проста не разумею, як можна было не падумаць пра такія наступствы пры распрацоўцы праекта.

Публікацыя – з № 61 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: