Вернікам таксама выставілі рахунак амаль на 460 тысяч рублёў.

Мінскія ўлады папярэдзілі пратэстанцкую царкву «Новае жыццё» пра адказнасць за масавыя малітвы каля забранага будынка без дазволу.

На адрас пастара царквы Вячаслава Ганчарэнкі прыйшлі лісты з Мінскага гарвыканкама і Маскоўскага райвыканкама г.Мінска.

Што напісалі чыноўнікі

На гук богаслужэнняў быццам скардзяцца жыхары суседніх дамоў.

Малітвы каля царквы ўлады разглядаюць як сістэматычныя масавыя мерапрыемствы, за якія можа быць адказнасць аж да крымінальнай.

Грамадзе прапанавалі арандаваць залы ў палацах культуры.

Пра выдзяленне ўчастка для будаўніцтва новага храма не можа быць гаворкі да аплаты запазычанасці.

Запазычанасць складае амаль 460 тысяч рублёў, амаль уся гэтая сума – зямельны падатак.

Запазычанасць збіралася з таго часу, як суд пазбавіў «Новае жыццё» правоў на будынак. Царква лічыла гэтае рашэнне незаконным і таму не плаціла падатак, бо рэлігійныя грамады ад яго вызвалены.

Гісторыя рэлігійнай грамады

Грамада хрысціян поўнага Евангелля «Новае жыццё» была зарэгістравана ў 1992 годзе.

У 2002-м яна купіла былы кароўнік тады яшчэ ў вёсцы Сухарава Мінскага раёна, адрамантавала яго і стала праводзіць у ім набажэнствы.

У 2005 годзе гарадскія ўлады пазбавілі рэлігійную грамаду права карыстання зямельным участкам.

У кастрычніку 2006 года вернікі каля месяца праводзілі пост-галадоўку. Калі сітуацыя вакол «Новага жыцця» займела шырокі міжнародны рэзананс, улады адступілі.

У 2009-м будынак царквы афіцыйна перадалі на баланс ЖРЭА Маскоўскага раёна.

У 2020 годзе пасля выбараў вернікі «Новага жыцця» запісалі відэазварот, у якім выказаліся супраць забойстваў, гвалту і катаванняў, ілжывых сведчанняў у судах, маніпуляцый.

17 лютага 2021 года судовыя выканаўцы ўварваліся ў царкву ў суправаджэнні сілавікоў падчас малітвы. Яны апісалі маёмасць, а вернікаў выгналі, пагражаючы арыштам.

На месцы царквы ўлады плануюць збудаваць школу з басейнам, а навокал – густанаселены мікрараён.

Публікацыя – з № 61 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»