Анатоль ШУМЧАНКА: «Пайду працаваць кіроўцам аўтобуса»

Старшыня РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка распавёў «Народнай Волі» пра свае планы на будучыню.Нагадаем: днямі стала вядома, што рахункі «Перспектывы» арыштаваны, а Міністэрства юстыцыі падала ў Вярхоўны Суд пазоў аб ліквідацыі арганізацыі.
Анатоль ШУМЧАНКА: «Пайду працаваць кіроўцам аўтобуса»
Былі часы, калі Анатоль Шумчанка мог абмеркаваць з Наталляй Качанавай любыя пытанні

 – Анатоль, апошнім часам вас не было чуваць, хаця раней вы рабілі шмат каментарыяў па падзеях у краіне…

– Мы працавалі, спрабавалі вырашыць пытанне па забароне закупак для індывідуальных прадпрымальнікаў за наяўны разлік пры імпарце – накіравалі ў органы ўлады больш за 600 зваротаў. Добры вынік дала наша праца вясной, калі мы на год дамагліся мараторыя па электронных накладных.

А што тычыцца публічных каментарыяў, то падзеі ў краіне наклалі свой адбітак – сёння за любое неасцярожнае слова можна загрымець пад фанфары. Вельмі складаная сітуацыя са сродкамі масавай інфармацыі, інфармацыйнае поле звузілася. І вось прыйшла і наша чарга: 15 ліпеня стала вядома, што наш рахунак у «Прыёрбанку» арыштаваны. На якіх падставах – нам да гэтага часу не вядома.

– Зараз жартуюць, што трэба ўсім ліквідаваным арганізацыям уступіць у афіцыйны прафсаюз да Арды і ўжо там легальна адстойваць свае правы…

– Цяпер ідзе зачыстка тэрыторыі. Дзейнічаць ад імя незарэгістраванай арганізацыі не атрымаецца – крымінальная адказнасць. Пазбавіўшы легальнага статусу арганізацыі, улада пазбаўляе яе лідараў і сябраў права гаварыць. І калі закрываюць арганізацыю, значыць, цябе не жадаюць ні бачыць, ні чуць ні ў афіцыйных прафсаюзах, нідзе. Гэта як воўчы білет, чорная пазнака. Сітуацыя патавая. Калі казаць адкрыта, усё вельмі складана і да немагчымасці сумна.

– Вы збіраецеся з’язджаць?

– Не, не хачу. Я ніколі не працаваў на разбурэнне краіны, я хачу жыць тут, на сваёй зямлі. Хоць і разумею, што сёння вельмі высокая рызыка апынуцца ў месцах не гэтак аддаленых.

Шчыра скажу: у мяне няма планаў і стратэгій, што рабіць. Ну які можа быць выхад, калі табе цалкам перакрываюць усе легальныя формы працы?

«Перспектыва» выгадавала шмат прадпрымальнікаў, якія сёння ўдзельнічаюць у круглых сталах, да іх меркавання прыслухоўваюцца чыноўнікі. Апошнія некалькі гадоў мы актыўна супрацоўнічалі з уладамі, разам вырашалі нейкія праблемы. І дзяржава не атрымлівала піку напружанасці, мы знаходзілі агульную мову. Ліквідацыя нашай арганізацыі – гэта праблема і для чыноўнікаў, я лічу. Мы былі добрай дыялогавай пляцоўкай. «Перспектыва» не ўваходзіла ні ў якія палітычныя штабы, і ўсё роўна нас закрываюць. Нам не зразумела, чаму. Пад агульны грабянец?

У Паўла Тапузідзіса індывідуальныя прадпрымальнікі арандуюць плошчы. У Ждановічах шмат нашых працуе – усіх прыбяруць, з усімі дамовы разарвуць?

– Колькі прадпрымальнікаў аб’ядноўвае «Перспектыва»?

– Больш за 500 чалавек. Мы ніколі не гналіся за колькасцю. І плацілі падаткі. Я падлічыў, што мы за пяць месяцаў адных падаткаў выплацілі б каля 9 тысяч рублёў. Ну зачыніце нас – наогул не будзем плаціць. Каму ад гэтага добра? Бюджэту?

Мне вельмі крыўдна за нашу краіну, за тое, што зараз адбываецца. Я разумею, што ідзе палітычная барацьба. Але мне апошнія гады здавалася, што ёсць правілы гульні, і яны быццам бы былі. Зараз правілаў наогул няма. І крыўда бярэ ад бездапаможнасці. Ну вось як абараніцца сёння? Любы механізм улада можа прыкрыць.

Але я ўсё роўна стараюся быць аптымістам. Мне не сорамна за тое, што мы рабілі.

– Думалі, чым зоймецеся, калі арганізацыю закрыюць?

Пайду працаваць кіроўцам аўтобуса. Але за мяжу не паеду. Усё кінуць і з’ехаць? А каму ты там патрэбны, ну чужыне? Я лепш тут буду кіроўцам аўтобуса працаваць. Я люблю Беларусь.

Марына ВІШНЕЎСКАЯ

Публікацыя – з № 61 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»