«Залатая рыбка» вагой… 18 кілаграмаў

У мінулую суботу 27-гадовыя мінчукі Пётр і Піліп, на лецішча да бабулі якога ў вёсцы Талька Пухавіцкага раёна яны прыехалі парыбачыць, можна сказаць, ухапілі залатую рыбку за хвост: злавілі 18-кілаграмовага сома!

«Залатая рыбка» вагой… 18 кілаграмаў
Пётр, Піліп і сом-волат

Сваімі ўражаннямі падзялілася мама Піліпа:

– Мы чакалі хлопцаў к абеду. Нарэшце яны прыехалі, выйшлі з машыны і стаяць над адчыненым багажнікам… Сын кліча: «Мама, падыдзі, калі ласка! У нас тут такая справа… Мы багажнік выпэцкалі, падкажы, як можна яго пачысціць…» У мяне перад вачыма паўстаў эпізод з фільма «Крымінальнае чытво» пра «чалавека, які вырашае праблемы», нават на нейкі момант у страўніку пахаладзела… Падыходжу на машыны – і ў мяне ногі-рукі робяцца ватныя, мову адняло, адны выклічнікі з горла вылятаюць. Нарэшце як заару: «Мама! Мама! Хутчэй сюды!!!»

Першую рэакцыю бабулі Піліпа ўдалося зняць на тэлефон. Прыкладна так рэагавалі і ўсе, хто збяжаўся паглядзець на гэта дзіва.

«Залатая рыбка» вагой… 18 кілаграмаў
Першая рэакцыя бабулі Піліпа

Электронныя вагі паказалі 18,02 кілаграма! Даўжыня рыбіны – каля паўтара метра.

Расказвае Пеця, на спінінг якога і трапіўся незвычайны ўлоў:

– Мы паехалі на Свіслач, кіламетры за два ад месца, дзе ў яе ўпадае Талька. Прастаялі з чатырох раніцы амаль да поўдня – ніводнай паклёўкі. Дарэчы, і ва ўсіх рыбакоў побач была такая ж карціна. Нарэшце вырашылі перайсці на старое месца, на якім у мінулую суботу ўзялі двух шчупакоў і судака. Я якраз размаўляў з жонкай па тэлефоне, казаў, што, маўляў, яшчэ паўгадзінкі пастаім і паедзем, не наш сёння дзень, і раптам спінінг як ірванула!.. Кажу: «Лера, чакай, тут нешта трапілася – не менш за два кіло…»

Выцягваць гэтыя «два кіло» хлопцам прыйшлося ўдваіх, калі падвялі да самага берага, Піліп скокнуў у ваду і «кідком праз сцягно» выкінуў рыбнага волата на сушу.

«Залатая рыбка» вагой… 18 кілаграмаў
Блешня-круцёлка, на якую павабіўля сом, стала талісманам Пятра

– Такі дэман! – усміхаецца Піліп. – Пакуль данеслі да машыны, аж плечы занылі.

Дзіўная справа: павабіўся сом на блешню-круцёлку, чаго, як правіла, гэта рыба не робіць. Амаль кожны, хто падыходзіў, цікавіўся, ці цэлыя снасці і ці захавалася блешня-пераможца. Адказ: у спінінгу не вытрывала ручка на катушцы, а блешня стала талісманам Пятра.

Такім чынам учора на асобна ўзятай вуліцы дачнага пасёлка «Рамонак», што ў вёсцы Талька Пухавіцкага раёна, быў рыбны дзень – хлопцы шчодра пачаставалі суседзяў.

Аляксандра ЛОБЗАВА

Публікацыя – з № 60 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»