«Не ведаю, дзе буду нараджаць»

Паліна і Андрэй Ляшко выхоўваюць дваіх малых дзяцей трох і шасці гадоў і чакаюцье трэцяга. Аднак радасць чакання азмрочана прысудам за карагод у Брэсце. Паліна атрымала паўтара года «хатняй хіміі», Андрэй – паўтара года калоніі-пасялення.

Разумеючы, што сям’я можа быць разбурана дашчэнту, а дзеці пойдуць у прытулак, Паліна з Андрэем вырашылі ўцячы з Беларусі.

«Пастаялі некалькі хвілін каля карагода – і па нас прыйшлі»

«Не ведаю, дзе буду нараджаць»Да верасня 2020 года сям’я Ляшко гора не знала. Андрэй працаваў у Еўрасаюзе дальнабойшчыкам, добра зарабляў і ўтрымліваў сям’ю. Паліна з малымі дзецьмі сядзела ў дэкрэтным адпачынку.

13 верасня маладая сям’я гуляла ў цэнтры Брэста. Убачылі карагод.

– Спачатку нехта ўключыў музыку, гучалі «Перамен!», песні NRM, іншых гуртоў, людзі танцавалі. Людзі былі такія натхнёныя, радасныя, прыгожа апранутыя, нібыта свята нейкае. Нехта купляў і раздаваў марозіва. Мы стаялі на ходніку і назіралі за гэтым. Пастаялі мо некалькі хвілін і пайшлі. А потым па нас прыйшлі… – кажа Паліна.

– У той дзень усюды былі супрацоўнікі ДАІ, «ціхары», аўтазакі. Людзі нічога благога не рабілі. Проста спявалі, весяліліся. Знянацку прыехаў вадамёт і пачаў паліваць людзей – без ніякага папярэджання. І не толькі людзей – ходнікі, тралейбусы, шапікі, крамы – па коле, усё, што было побач. Гэта было першае ўжыванне вадамёта ў Брэсце. І ніхто не папярэдзіў людзей, што трэба вызваліць праезную частку, што будзе ўжыты вадамёт! Потым мы ўбачылі бусы, АМАП пачаў хапаць і біць людзей – усіх, каго толькі бачылі, – узгадвае брэстаўчанка.

За тыя некалькі хвілін назірання за карагодам Паліна і Андрэй сталі падазраванымі ў крымінальнай справе, як і дзясяткі жыхароў Брэста. Андрэю забаранілі выезд за мяжу. Ён застаўся без працы, сям’я – без грошай.

8 чэрвеня Паліну і Андрэя, а разам з імі яшчэ восем чалавек асудзілі за карагод, далі тэрміны – абмежаванне волі. Калі б Андрэй паехаў на «хімію», то сям’я засталася б без карміцеля, ды яшчэ давялося б і яму дапамагаць перадачамі і грашыма.

«Лепш свабода і няпэўнасць, чым стабільная турма на Радзіме»

Яны выдатна разумелі: некалькі парушэнняў на «хіміі» – і Андрэй едзе ў турму. Нейкае парушэнне ў Паліны – і яна едзе на «хімію», а дзеці – у прытулак ці дзіцячы дом.

– Нас судзілі ні за што. Іх нішто не спыніла. Яны ведалі пра дзяцей, пра маю цяжарнасць. Як і пра тое, што мы ні ў чым не вінаватыя. Гэта разумелі і следчыя, і суд, і пракуроры. Але дзейнічалі жорстка і па ўказцы. Усім, хто даходзіць да суда ў «палітычных» справах, даюць тэрміны. І мы гэта цудоўна разумелі, разумеў і наш адвакат. Таму, каб не марнаваць грошай, перад судом мы вырашылі, што будзем абараняць сябе самі як зможам. Было 12 абсурдных пасяджэнняў. Яны прайшлі хутка. І мы атрымалі тэрміны. Разумеючы, што апеляцыя нічога не зменіць, мы пайшлі на крайнюю меру – проста ўцяклі з краіны. Калі б мы засталіся – я нават не магу ўявіць, што магло б з намі здарыцца. Муж у вязніцы, я з двума малымі дзецьмі і немаўлём без сродкаў для існавання на «хатняй хіміі». На Радзіме мы не былі б ў бяспецы, – тлумачыць маладая маці.

«Не ведаю, дзе буду нараджаць»Прыкладна праз паўтара месяца ёй нараджаць. Але як і дзе – Паліна і Андрэй пакуль не ведаюць.

– Мы ішлі пехам… Праз лясы і балоты. Многа чаго я пакуль не магу расказаць – каб не пашкодзіць іншым людзям. Гэты «паход» даўся мне ў знакі пры і так нялёгкай цяжарнасці. Мы абралі свабоду і няпэўнасць тут, а не стабільную турму на Радзіме. Маральна гэта страшна і балюча. Але мы спадзяёмся, што нармальныя людзі, беларусы, нас падтрымаюць. Вядома, мы хочам вярнуцца дамоў, у новую Беларусь, пра якую мараць так шмат людзей, – зазначае Паліна.

Цяпер яны вырашаюць процьму праблем ва Украіне: як легалізавацца, за што жыць, куды ўладкаваць сына і дачку.

– Дзе гэта ўсё будзе? Як гэта зрабіць у кароткі тэрмін? Аформіць дакументы, у тым ліку на дзяцей, купіць усё неабходнае для немаўляці – вось такія цяпер асноўныя праблемы і страхі, – уздыхае маладая маці.

Дзеці былі напалоханы ўсімі гэтымі падзеямі.

– Яны і цяпер не могуць зразумець, чаму мы не дома, дзе мы і што адбываецца. Але мы стараемся забаўляць іх, адцягваць увагу ад гэтых дарослых праблем.

«Не ведаю, дзе буду нараджаць»Што за «карагодная справа»?

  • 13 верасня падчас акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў сотні брастаўчан выйшлі на скрыжаванне праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў, дзе зладзілі карагод.
  • Паводле сцвярджэння абвінавачання, людзі «дзейнічалі ў групе з іншымі асобамі, якія на праезнай частцы гучна крычалі, свісталі, выгуквалі лозунгі, пляскалі ў ладкі, наўмысна бралі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, перашкаджалі працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый».
  • Сілавікі ўжылі супраць жыхароў Брэста вадамёт і разагналі карагод.
  • Усяго па крымінальнай справе праходзяць прынамсі 60 чалавек. Ужо прайшлі пяць судоў, на якіх судзілі па 10–14 жыхароў Брэста.
  • Суды над наступнымі «партыямі» працягваюцца і цяпер.

Публікацыя – з № 60 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»