Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся
Жыхара Баранавічаў затрымалі за тое, што ён паказаў сярэдні палец сілавікам.

Быў колісь гэткім быт вясковы:
Хоць жыхары – амаль радня,
Ніхто ў кішэнь не лез па словы –
Без сварак не было ні дня.
Мужчыны нашыя парою
У ход пускалі кулакі –
Другую не ўжывалі зброю.
А маладзіцы і жанкі
Выказвалі імпэт шалёны,
Палёт фантазіі, калі
Абрушвалі свае праклёны,
Хоць і не матамі клялі.
Здараліся, вядома, сваркі
Сярод людзей зусім старых.
Свой лексікон не надта яркі
Яны не папаўнялі з кніг,
Таму «салёных» слоў заместа,
Якія ведала сяло,
Часцей яны ўжывалі жэсты –
І дастаткова іх было.
Навошта ім, дзядам, галёкаць?
Усё чыталася ў руках:
Стары далонню біў у локаць,
Што азначала слова «нах…».
Звягаць не праглі і бабулі:
Калі сварыліся ўсур’ёз
З суседкаю,
Савалі дулі –
Або здалёк, або пад нос.
«Глыталі» гэткую абразу,
І ні ў міліцыю, ні ў суд
Заяў, як помніцца, ні разу
Не падаваў вясковы люд.
А па якой такой прычыне
Я ў той далёкі час залез?
Таму што ў нашае краіне
Дзівосны здарыўся эксцэс.
Дзяцюк «з абразлівым намерам»
Сярэдні палец спадцішка
Паказваў міліцыянерам,
Таму скруцілі дзецюка,
І небараку будзе цяжка
З-за пальца левае рукі:
Чакае, пэўна, каталажка
За «непрыстойны жэст» такі.
А мне не падказала памяць,
Што ў той далёкі, светлы час
Паказаны сярэдні палец
Лічыўся горшаю з абраз.
Каб хтось у якасці абразы
Паказваў палец сапраўды,
Дык паднялі б на смех адразу:
Маўляў, паехалі глузды.

***

А як жа выказаць агіду
Таму, хто дужа неўспадоб,
Пры гэтым не гнявіць Феміду?
Каб апасля не моршчыць лоб
З-за непрыемнае дакукі,
Каб вас не клікалі ў суды,
Відаць, паказваць трэба кукіш,
Як нашы бабкі і дзяды.

Другая

Уздыхнуў сусед мой цяжка,
Выказаўся ярка:
– П’ецца лепш другая пляшка,
Чым другая чарка… 

Пагуляў дык пагуляў

Цудоўна пагуляў дзяцюк Пятро,
У гэты дзень не бавіў час дарма!
Дадому дабіраўся на метро,
А ў горадзе яго мятро няма…

Спачатку і пасля

Мужчына дагаджае год-другі
Жанчыне, каб запудрыць ёй мазгі.
Напотым жа мужчына – як дзіцё:
Жанчына даглядае ўсё жыццё.

Сіла позірку

Аднойчы ў навальнічны дзень
Сядзеў пад арабінай Янка
І пазіраў на нейкі пень.
У пень ударыла маланка.
З тае пары, як грымне гром,
На цешчу ён глядзіць тайком…

Грошы – як дзеці

Засведчаць жабракі і каралі,
Што грошы – быццам дзеці (без маны!):
Вялікімі якімі б ні былі,
Здаюцца нам маленькімі яны.

Публікацыя – з № 60 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»