У новага арганізатара кінафестывалю – кінастудыі «Беларусьфільм» – ёсць жаданне прадставіць стужку Уладзіміра Янкоўскага. Пра гэта заявіў журналістам вядучы спецыяліст прадзюсарскага цэнтра нацыянальнай кінастудыі Юрый Ігруша.

«Гэтае пытанне неаднаразова ўздымалася, і да гэтага часу яно ў стадыі абмеркавання. У сувязі з тым, што «Беларусьфільм» стаў арганізатарам «Лістапада», ёсць жаданне прадставіць яго там, але пакуль рашэнне не прынята», – сказаў Ігруша.

Якія яшчэ фільмы будуць прадстаўлены на фестывалі, пакуль дакладна не вядома.

Фільм «Купала» – нацыянальны кінапраект. Як гаворыцца ў анатацыі на сайце «Беларусьфільма», гэты «фільм распавядае пра каханне і нянавісць, вайну і рэвалюцыю, жыццё і смерць. На экране паўстае гісторыя выдатнай асобы, паэта рэдкага таленту, чыя асабістая драма і чыя загадкавая гібель да гэтага часу бударажаць розумы даследчыкаў і прыхільнікаў».

Да стварэння карціны прыступілі ў 2018 годзе. Над ёй працавалі беларускія і расійскія аператары, здымкі адбываліся ў Беларусі, Расіі і Літве. Музыка запісвалася сімфанічным аркестрам. Галоўную ролю выканаў латвійскі акцёр з беларускімі каранямі Мікалай Шастак. У фільме таксама зняліся вядомыя беларускія артысты Вераніка Пляшкевіч, Аляксандр Абрамовіч, Алена Пабягаева, Ганна Палупанава, Аляксандр Яфрэмаў, Аляксандр Ільін, Максім Крэчат, Уладзімір Глотаў, Сяргей Чэкерэс і іншыя.

Афіцыйны трэйлер фільма «Купала» выйшаў напрыканцы 2019 года, у верасні 2020 года ў інтэрнэце з’явілася пірацкая версія фільма.

Поделиться ссылкой: