Боль археолагаў

З Вікторыяй Тарасевіч я пазнаёмілася на «сутках» – сядзелі ў адной камеры. Яна – археолаг, працуе ў Нацыянальным гістарычным музеі. Неаднаразова распавядала нам, зняволеным, пра сваю працу і археалагічныя раскопкі, на якія я, дарэчы, з’ездзіла ў якасці валанцёра. Вось толькі шкада – без Вікі: пасля «сутак» яна была вымушана сысці на самаізаляцыю.

15 жніўня – прафесійнае свята археолагаў. З гэтай нагоды Вікторыя Тарасевіч дала інтэрв’ю «Народнай Волі».

Боль археолагаў
Вікторыя Тарасевіч

– Віка, на твой погляд, чаго не хапае сучаснаму беларускаму археолагу? Якія ёсць праблемы?

– Па-першае, у нас у краіне не існуе Інстытута археалогіі. Чаму? Пытанне, на якое мы, археолагі, хацелі б атрымаць адказ. Ёсць асобныя кафедры археалогіі ў вышэйшых навучальных установах, аддзелы археалогіі ў музеях, цэнтр археалогіі існуе ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі… Але гэтага недастаткова: гісторыкаў у інстытуце нашмат больш, чым археолагаў. Так, палявымі даследаваннямі займаюцца толькі каля сарака чалавек. Гэта крытычна мала…

Вось прывяду прыклад, каб было зразумела, што я маю на ўвазе, калі кажу пра недахоп кадраў. На ўсю краіну ёсць толькі адзін спецыяліст, які займаецца вызначэннем астанкаў рыб і вывучэннем прылад для рыбалоўства. У нас зараз маецца адзін супрацоўнік, які займаецца вызначэннем костак жывёл. Магу пералічыць на пальцах адной рукі археолагаў, якія вывучаюць археалогію бронзавага веку. Дасканала даследаваць які-небудзь перыяд з такой колькасцю кадраў фізічна немагчыма.

– А чаму ты пайшла ў археолагі? Мяркую, не ў заробках справа.

– Што і казаць, археалогіяй у нас шмат не заробіш. Таму многія людзі сюды не ідуць. На пасадзе навуковага супрацоўніка і ў музеі, і ў Інстытуце гісторыі зарплата – 400–500 рублёў. Людзі, як кажуць, працуюць за ідэю.

– Я правільна разумею: праца прыватных археалагічных кампаній ў нас забаронена?

– Не зусім. У нас проста адсутнічаюць нарматыўныя акты і законы, якія прапісвалі б іх існаванне. Займацца палявой археалогіяй можа толькі тая асоба, якая працуе ў бюджэтнай арганізацыі: музеі, універсітэце, Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. А каб атрымаць першы адкрыты ліст (афіцыйны дазвол) на раскопкі, трэба адпавядаць некаторым умовам: у цябе павінна быць пэўная адукацыя, дзве рэцэнзіі ад археолагаў з апісаннем тваіх навыкаў і ўдзелу ў палявых археалагічных даследаваннях, копіі дыпломаў… Адкрыты ліст выдаецца толькі адной арганізацыяй у краіне – Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, і туды ж ты павінен здаць справаздачу па выніках праведзенай працы. Па сутнасці, усё, што ты робіш, – з дазволу дзяржавы.
Пры гэтым у суседніх краінах існуюць прыватныя археалагічныя кампаніі, якія займаюцца, напрыклад, ратаўнічымі раскопкамі. Археолагаў фінансуюць, каб яны даследавалі тэрыторыі будучай будоўлі.

– А ці спрабавалі археолагі даведацца, чаму ў нас прыватныя кампаніі забаронены?

– Яны не забаронены. Іх проста юрыдычна не аформіш. Такія кампаніі маглі б таксама займацца ратаўнічымі раскопкамі і археалагічнымі экспертызамі і атрымліваць за гэта грошы. Зараз такой дзейнасцю займаецца толькі Нацыянальная акадэмія навук, і гэта прапісана ў інструкцыі аб парадку правядзення археалагічных даследаванняў і вядзення палявой дакументацыі пры іх правядзенні.

– Ці ёсць у нас так званыя чорныя археолагі?

– Так, ёсць. Праблема, якая, на жаль, пакуль што застаецца нявырашанай і вельмі балючай для археалагічнай навукі любой краіны. Чаму яны гэта робяць? Складана адказаць. Частка з іх цікавіцца гісторыяй, для іх гэта хобі. Іншыя займаюцца гэтым, каб атрымаць грошы. Чорны рынак сапраўды існуе, бо існуе попыт на археалагічныя артэфакты. Гэта таксама праблема, з якой не вядома, што рабіць. Чорныя археолагі вельмі шкодзяць помнікам: знаходкі адным капком рыдлёўкі выдзіраюцца з культурнага слоя і такім чынам пазбаўляюцца кантэксту. Чорны археолаг не вядзе дакументацыі: не адзначае на плане, дзе знайшоў нейкую рэч, не фатаграфуе, не апісвае, як прадмет ляжаў…. А гэта вельмі важна: аналізуючы інфармацыю, атрыманую падчас даследаванняў месца, дзе быў гэты вось выдраны аб’ект, можна даведацца, што за помнік, як на гэтым месцы жылі людзі, калі з’явілася гэта паселішча, як хавалі і што рабілі з целам памерлага, калі гэта могільнік. А так атрымліваецца кніга-помнік з выдранамі лістамі-знаходкамі.

– А што яны з імі робяць?

– Частка чорных археолагаў калекцыянуе артэфакты, частка прадае. У нас былі выпадкі, калі такія вышукальнікі спрабавалі прадаць свае калекцыі ў музей. Але музей з такімі людзьмі не працуе, таму што знаходкі атрыманы несанкцыянаваным шляхам.

– Якія яшчэ існуюць праблемы?

– У нас слаба развіваюцца некаторыя археалагічныя накірункі. Як прыклад: паводле міжнародных стандартаў помнікам археалогіі лічыцца аб’ект, якому больш за 120 гадоў. Месцы баёў Першай і Другой сусветных вайнаў не ўпісваюцца ў гэтыя нормы. І чорны археолаг гэтым можа прыкрывацца: маўляў, помніку не 120 гадоў, я нічога не парушыў.

У заходніх краінах ёсць практыка даследавання месцаў баёў, месцаў масавых пахаванняў, нягледзячы на гэтыя міжнародныя нормы. Такі напрамак даследаванняў носіць назву «археалогія канфліктаў». А вось у нас такіх археолагаў, якія развіваюць гэтую галіну, вельмі мала. Прыгадаць магу аднаго толькі спецыяліста – загадчыка цэнтра археалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзіма Кошмана. На цэлы пласт гісторыі Беларусі адзін чалавек – як так?

Яшчэ ёсць 52-і спецыялізаваны пошукавы батальён, які займаецца даследаваннем і перапахаваннем парэшткаў загінулых падчас Першай і Другой сусветных вайнаў. Аднак іх методыка зусім не археалагічная.

На твой погляд, навошта наогул археалогія?

– Я часта думаю над гэтым пытаннем. І знаходжу адказ. Шмат людзей не разумеюць, што да Полацкага княства на тэрыторыі Беларусі таксама было жыццё. У нас вельмі багатая дапісьмовая гісторыя, пра якую мала хто ведае праз тое, што навуковыя даследаванні складана перакладаюцца з навуковай мовы на мову звычайнага чалавека, новыя адкрыцці і вынікі даследаванняў укараняюцца ў падручнікі марудна… Калі гартаеш некаторыя з іх, складваецца ўражанне, што «жыццё-быццё» Беларусі пачынаецца з Полацкага княства. А да гэтага што? Хіба нічога не было? Адзін параграф у падручніку на сотні тысяч гадоў гісторыі!

Археалогія – гэта адзінае, што можа дапамагчы даведацца пра дапісьмовую гісторыю. Для мяне вельмі важна праз археалогію спрабаваць паказаць звычайнаму чалавеку, што адбывалася раней. Мала хто будзе чытаць навуковыя артыкулы, трэба шукаць іншыя формы для падачы матэрыялу. Напрыклад, я займаюся некрапалістыкай – даследаваннем таго, як той ці іншы народ ладзіў пахаванне сваякоў. Наогул смерць лічыцца нейкай табуіраванай тэмай, але ж яе можна зрабіць даступнай і нават цікавай для простых людзей. Вось мая каляжанка прапанавала ўключыць у існуючы музейны праект коміксы, якія ў даступнай форме паказвалі б, як хавалі сваіх нябожчыкаў сотні і тысячы гадоў таму. Мы, археолагі і музейшчыкі, выстаўляем знаходкі з месцаў пахавання, а комікс даступна знаёміць з тым, як яны трапілі ў зямлю. Чаму не? Але на добрую выставу патрэбна шмат папрацаваць археолагам, музейшчыкам, мастакам, дызайнерам, а таксама добрае фінансаванне, час.

– А калі, напрыклад, сёння загадаюць стварыць Інстытут археалогіі, гэта будзе магчыма здзейсніць?

– Стварыць можна, але з кадрамі праблема. Калі нават усіх выпускнікоў гістфакаў сабраць і паабяцаць ім добрую зарплату, іх не хопіць, каб стварыць якасную ўстанову. Інстытут археалогіі – гэта не толькі археолагі, але і антраполагі, музейшчыкі, рэстаўратары. Вось якраз апошніх, хто б спецыялізаваўся на рэстаўрацыі і кансервацыі археалагічных артэфактаў, у нас амаль няма. Проста няма айчынных ўстаноў, дзе іх рыхтуюць (апроч керамістаў). І тут ёсць два варыянты: альбо мы адпраўляем людзей за мяжу, дзе яны змогуць атрымаць адукацыю рэстаўратара, альбо мы адкрываем нешта ў сябе.

– Былы дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч у адным з інтэрв’ю дзяржаўнай газеце сказаў: «Археалагічнай навуцы сёння надаецца вельмі вялікая ўвага на самым высокім дзяржаўным узроўні, у тым ліку дзякуючы падтрымцы прэзідэнта. Кіраўніцтва Акадэміі навук нас у гэтым плане заўсёды падтрымлівае. У выніку створана сістэма археалагічных даследаванняў, якая дазваляе рухацца наперад, праводзіць раскопкі і адначасова на належным узроўні захоўваць археалагічнаую спадчыну». Думаю, што ты магла б уступіць з ім у палеміку…

– Сістэма археалагічных раскопак адсутнічае. Зараз археалагічнымі даследаваннямі ахоплена далёка не ўся тэрыторыя нашай краіны і не ўсе перыяды! Так, напрыклад, вялікі акцэнт у археалагічных даследаваннях робіцца на вывучэнні перыяду ўзнікнення першых гарадоў, у цэлым перыяду Старажытнай Русі, і пры гэтым па-за ўвагай застаюцца іншыя, не менш важныя, тэмы. Прычын адсутнасці такой сістэмы даследаванняў маса, у тым ліку кадравы недахоп. Таму часам археолаг вымушаны быць спецыялістам не толькі ў адной вузкай тэме. Не болей за паўсотні археолагаў на некалькі сотняў тысяч гісторыкаў! Наогул арганізацыя палявых даследаванняў – працэс, які займае шмат сіл і фінансаў з боку археолага. І ў большасці выпадкаў для падтрымання жыццядзейнасці экспедыцыі, для закупкі абсталявання археолаг любой установы вымушаны ўкладаць свае грошы.

– Пры зарплаце, скажам, 500 рублёў?

– Так. Але пра гэта чамусьці ніхто не гаворыць ў інтэрв’ю…

– А як табе такое выказванне Вадзіма Лакізы, кандыдата гістарычных навук, дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі: «Ёсць пэўныя нарматыўна-прававыя акты, якія абавязваюць заказчыка ажыццяўляць і выконваць меры па ахове археалагічнай і гісторыка-культурнай спадчыны. Калі адбываюцца буйныя будаўнічыя ці іншыя работы, археолагі павінны ажыццявіць археалагічную экспертызу і выратавальныя археалагічныя даследаванні. У нашым выпадку ў Полацку будуць праводзіцца менавіта такія выратавальныя ахоўныя археалагічныя даследаванні»?

– Згодна з тым, што ўсё рэгламентуецца актамі. І сапраўды, на месцах будоўлі праводзяцца экспертызы і ратаўнічыя даследаванні. Цытата Вадзіма Леанідавіча пра тое, што вялікая колькасць навуковых работ праводзіцца ў зонах будоўлі, – праўда. Большасць адкрытых лістоў выдаецца менавіта на ратаўнічыя раскопкі. Але праблема ў тым, што ў галаве як простага чалавека, так і чалавека ва ўладзе няма яскравага асэнсавання каштоўнасці помніка, яго важнасці для гісторыі і культуры краіны, – і праз гэта помнікі псуюцца і знішчаюцца. Відавочна, што некаторыя будаўнічыя арганізацыі не просяць ажыццяўляць археалагічныя экспертызы і праводзіць ратаўнічыя раскопкі – гэта ж грошы! Прасцей змаўчаць, не звяртацца і зрабіць выгляд, што помніка не было.

– Як наогул ідуць справы з захаваннем гісторыка-культурнай спадчыны ў Беларусі?

– У нас з гэтым ёсць столькі праблем і нюансаў, што ў адной публікацыі не распавесці. Асноўная з іх – праца па ўключэнні помнікаў у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў і вядзенне рэестра археалагічных аб’ектаў. На сёння у спіс ўключана вельмі малая колькасць вядомых помнікаў археалогіі, іх значна больш.

– Што дае ўключэнне помніка ў такі спіс?

– Ствараецца пэўная дакументацыя, якая не дазваляе праводзіць на гэтым месцы нейкія земляныя і будаўнічыя працы. Такім чынам гэтыя помнікі ахоўваюцца дзяржавай. А тыя, што не ўключаны ў спіс, напрыклад, могуць выкарыстоўвацца ў гаспадарчых мэтах якімі-небудзь структурамі. То бок там могуць правесці гаспадарчыя работы і зрабіць выгляд, што не заўважылі помнік на гэтым месцы. Часам такім чынам знішчаецца археалагічная спадчына.

Ці, напрыклад, археолаг праводзіў разведку, знайшоў помнік, але не была праведзена праца па ўключэнні яго ў спіс, бо не толькі археолаг павінен гэтым займацца. Уключэнне помніка ў спіс, вядзенне рэестра рэгламентуюцца рознымі нарматыўнымі актамі. Але на практыцы прапісаныя там пункты не выконваюцца. Чаму? Не ведаю. Пытанне не да мяне.

Уключэнне помніка ў спіс прыцягвае да яго ўвагу. Шыльда ля помніка археалогіі паведамляе, што тут нешта ахоўваецца. Галоўнае, канешне, гэта захаваць для будучых пакаленняў. Адзін з шляхоў – музеефікацыя. Вядома, што ёсць такая практыка, як музеі пад адкрытым небам, – яны ёсць у Еўропе і нават у Расіі. Але ў нас не так шмат помнікаў археалогіі, якія маюць музейны статус. Быў распрацаваны праект музеефікацыі гістарычнага цэнтра горада Мінска «Мінскае замчышча», але, на вялікі жаль, ён не рэалізаваны. Падчас будаўніцтва станцыі метро «Няміга» былі выяўлены фрагменты старажытных пабудоў, якія закансервавалі (засыпалі). Для музея планавалася ўскрыць гэтыя пабудовы ў выглядзе раскопак, а над імі зрабіць нешта накшталт амфітэатра. Такі праект патрабаваў бы вялікіх фінансавых ўліванняў, бо адна справа ўскрыць драўляныя пабудовы, іншая – захаваць іх на доўгі час, таму што ад судакранання з сучасным паветрам археалагічнае дрэва разбураецца, калі яго не закансерваваць. На жаль, грошы на рэалізацыю праекта так і не былі знойдзены.

Глафіра ЖУК

Публикация – из № 60 газеты “Народная Воля”. Полный выпуск газеты можно скачать по ссылке.

Поделиться ссылкой: