Сям’я Кацярыны Ваданосавай з'ехала з Беларусі
Сям’я Кацярыны Ваданосавай з'ехала з Беларусі

Спявачка і былая вядоўца праграмы “Жывая культура” на тэлеканале «Беларусь-3», Кацярына Ваданосава, паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook, што разам з сям’ёй пакінула Беларусь.

Нагадаем, што ў жніўні яна абвясціла, што сыходзіць з тэлебачання. «Я ніколі не хлусіла, ніколі не падладжвалася, ніколі не гуляла ні словамі, ні сумленнем. Я нават, здаецца, была адным з двух людзей на целіку, якія гаварылі па-беларуску не толькі падчас здымкаў, але і ў рэальным жыцці!.. Але, на вялікі жаль, прапагандаваць культуру з асяродку цемры я не магу», — патлумачыла тады сваё рашэнне Кацярына Ваданосава.

Пасля гэтага сям’ю Кацярыны абвясцілі недабранадзейнай і паставілі на ўлік па СНС (сацыяльна-небяспечнае становішча). І вось ім давялося пакінуць радзіму, са спадзяваннем на хуткае вяртанне.

«Гэты час адназначна зрабіў нас мацнейшымі. 9 жніўня 2020 года я і падумаць не магла, што роўна праз год мне прыйдзецца тэрмінова, амаль без рэчаў, з двума дзецьмі, без працы, ведання мовы і без планаў на будучыню пакідаць Беларусь, каб выратаваць сябе ад турмы, а дзяцей ад дзіцячага дома, – піша Кацярына Ваданосава. – А вось як бывае: аказваецца, так проста запакаваць усё жыццё сям’і ў тры валізкі, абняць маму і ката, расплакацца, потым сабрацца і з’ехаць у невядомасць».

Спявачка дадала, што вельмі цяжка было адрываць дзяцей ад дома.

   «Вельмі балюча было бачыць, як дзеці хутка, нібы салдацікі, упакоўвалі свае рэчы. Я сказала ім, што мы не можам узяць з сабой ні цацак, ні кніжак. Яны складвалі адзежкі, а потым падышлі да мяне, і ў кожнага ў далоні была жменька нейкай драбязы: пара кавалачкаў Лега, пара фігурак з “кіндар-сюрпрызаў”… “Мама, а можна мы вось столькі цацак возьмем? Яны нямнога месца займаюць”…
   Я праклінаю таго, хто пазбаўляе дзяцей дома, з-за каго яны збіраюць у дарогу па адной жменьцы цацак, хто прымушае забіраць іх са школы, а саму школу, дзе працуе іх мама, зачыняе.
   Дзе мы будзем жыць? Дзе дзеці будуць вучыцца? У Яна першы клас, у Стэфы – пяты…. Ці зможа Стэфка працягнуць займацца музыкай (яна здолела ўгаварыць нас і сама несла сваю скрыпку ўвесь шлях, нават спала, скурчыўшыся і паклаўшы на яе галаву)?.. Дзе Васілю, майму мужу, інсуліназалежнаму дыябетыку, браць неабходныя дарагія лекі, на якія ў Беларусі ён мог прэтэндаваць бясплатна? Як перавезці да нас ката, светлую душу, за якую мы ўзялі адказнасць гэтай зімой? Мама… Ёй ужо 70, адзінокая ўдава… Што рабіць, каб не пакінуць яе надоўга? І як вынесці выгнанне з Радзімы, пры думцы аб якой спыняецца сэрца ад болю і жалю?
   Мы вернемся. Мы проста не можам не вярнуцца. Мы вернем свой дом. І будзем у ім свабоднымі. Не веру, што будзе інакш».

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»