Юрась Меляшкевіч. Архіўнае фота

4 жніўня таксама стала вядома пра затрыманне ў Ваўкавыску аднаго з намеснікаў старшыні Партыі БНФ Юрася Меляшкевіча. Пра гэта на сваёй старонкі ў Facebook паведамляў Вадзім Саранчукоў.

Сёння раніцай, Юрась Меляшкевіч напісаў сябрам ў Facebook , што яго адпусцілі.

«Зараз я на волі і ўжо вярнуўся ў Мінск. У дачыненні да мяне праводзіцца праверка. Сітуацыя выглядае абсурднай, але нічога не паробіш. Спадзяюся на лепшае.»

Як высветлілася, грамадскі дзеяч быў затрыманы ДАІ за налепку “Пагоня” замацаваную ўнутры багажніка аўто.

«А пасля яшчэ каляндар на 2021 год ад ТБМ знайшлі. З Пагоняй на эмблеме, як лічыць міліцыянер -“без выходных дадзеных”», – дадае Юрась.

Прычым агляд аўтамабіля Меляшкевіча праводзіўся двойчы:

Калі мяне ўчора паўторна забіралі, ужо з гатэля, вечарам, у 20.00 з тлумачэннем – а цяпер з вамі хоча пагаварыць “крымінальны вышук”, было так сабе. Але паўторны агляд аўтамабіля правялі і ўсё”, – распавядае грамадскі дзеяч.

Юрась Меляшкевіч сын Віктара Рыгоравіча Меляшкевіча, аднаго з ветэранаў Беларускага Народнага Фронту ад часоў заснавання руху. Пачаў займацца грамадска-палітычнай дзейнасцю ад 1999 году. З 2004 ён сябра Партыі БНФ, быў сакратаром партыйнай камісіі па пытаннях экалогіі і наступстваў катастрофы на ЧАЭС і камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

Балатаваўся ад Партыі БНФ на парламенцкіх выбарах па Малінаўцы ў Мінску, а таксама на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Абраны на пасаду намесніка старшыні Партыі БНФ і Грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэнне» у лістападзе 2020 году.

Сябра Рэспубліканскага праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб’яднання «Рух “За свабоду”» (быў намеснікам старшыні арганізацыі), выконвае абавязкі намесніка старшыні Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, сябра Вялікай Рады Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»