Кіеў, 3 жніўня 2021-га. Фота: Reuters

Кіраўнік дыпламатыі ЕС Жазэп Барэль выказаўся пра гібель у Кіеве беларуса Віталя Шышова і прызнаўся, што шакаваны паведамленнямі з Украіны. 

Жазэп Барэль вітае пачатак расследавання, якое праводзіць украінская паліцыя. Аб гэтым кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі напісаў у сваім Twitter.

“Узрушаны інфармацыяй, што актывіст Беларусі Віталь Шышоў знойдзены павешаным у кіеўскім парку. Ён дапамог многім пазбегнуць рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі“.

Барэль зазначыў: “Правасуддзе павінна адбыцца”.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі справу аб гібелі беларуса.ўзяў пад асабісты кантроль. Прэс-сакратар Зяленскага Сяргей Нікіфараў заявіў на брыфінгу ў аўторак, што ў Офісе прэзідэнта ўважліва сочаць за высновамі паліцыі, якая праводзіць расследаванне.

“Адзінае, што можна сказаць, што нам, сапраўды, трэба паказаць, што Украіна падтрымлівае народ Беларусі, — кажа Нікіфараў. — І нам вельмі важна, каб тыя беларусы, якія пасля падзей лета і восені мінулага года прыехалі ва Украіну, каб яны адчулі сябе ў бяспецы. Мы над гэтым таксама працуем”.

 

Нагадаем, што кіраўнік “Беларускага дома ва Украіне” Віталь Шышоў раптоўна знік у Кіеве. Пасля яго знайшлі павешаным у парку. Сябры Шышова ўскладаюць адказнасць на ўлады Беларусі. Паліцыя не выключае “наўмыснае забойства, імітаванае пад суіцыд”, ёсць і іншыя версіі.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»