Таццяна Вадалажская і Уладзімір Мацкевіч. 2017 год

Сёння з раніцы супрацоўнікі КДБ прыйшлі да Уладзіміра Мацкевіча, Уладзіслава Вялічкі і Таццяны Вадалажскай. Знаёмыя і родзічы паведамілі, што ў грамадскіх дзеячоў прайшоў вобшук, цяпер яны затрыманыя. «Наша Ніва» распавядае, што пра іх вядома.

Уладзіміру Мацкевічу 65 год, ён родам з Іркуцкай вобласці Расіі. Мацкевіч — метадолаг і філосаф, грамадскі дзеяч. Ён вучыўся ў Ленінградскім дзяржаўным універсітэце на факультэце псіхалогіі. У 1982 годзе, пасля заканчэння ВНУ, па размеркаванні быў накіраваны на Вільнюсскі радыётэхнічны завод. Затым працаваў у Ленінградскім інстытуце інжынераў чыгуначнага транспарта. Падрыхтаваў кандыдацкую дысертацыю, але да яе абароны не быў дапушчаны, бо не пажадаў уступаць у КПСС.

Мацкевіч меў дачыненне да некалькіх прэзідэнцкіх кампаній
У 1987 годзе па запрашэнні Міністэрства адукацыі Латвійскай ССР перайшоў на працу ў Ліепайскі педагагічны інстытут, прапрацаваў у ім да 1989 году. У пачатку 1990-х гадоў супрацоўнічаў па пытаннях рэформы адукацыі з першым міністрам адукацыі Расіі Днепровым.

Мацкевіч таксама ўключыўся ў работу па распрацоўцы праграмы адукацыі ў Беларусі і цесна супрацоўнічаў з Міністэрствам адукацыі Беларусі.

Уладзімір Мацкевіч удзельнічаў у прэзідэнцкіх кампаніях, пачынаючы з 1994 года. Выключэннем сталі толькі 2001 і 2015 годы. У 1994 ён прапанаваў сваю дапамогу Зянону Пазняку, аднак пасля адмовы далучыўся да штаба Станіслава Шушкевіча ў якасці паліттэхнолага. Праз некаторы час іх супрацоўніцтва спынілася праз разнагалоссі.

«Тады, у снежні 1993 года, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, я прапанаваў аказаць пасільную дапамогу кандыдату, які, з нашага пункту гледжання, мог бы перамагчы і стаць першым прэзідэнтам Беларусі, які б павёў яе па шляху нармальнага развіцця», — распавядаў Мацкевіч пра тыя часы.

Праз некаторы час ён пачаў супрацоўнічаць з Аб’яднанай дэмакратычнай партыяй і балатаваўся па Ангарскай выбарчай акрузе Мінска на парламенцкіх выбарах 1995 года. Прымаў удзел у стварэнні Аб’яднанай грамадзянская партыі і Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай партыі.

У 1994-1997 гадах Мацкевіч быў распрацоўшчыкам, аўтарам і вядучым трох перадач на Беларускім тэлебачанні. З канца 2002 года па сакавік 2003 года з’яўляўся першым кіраўніком і вядучым ток-шоу «Выбар» на тэлеканале АНТ.

З 2012 года стаў вядучым праграмы «Гутарка дня» на польскім  тэлеканале.

Уладзімір Мацкевіч з’яўляецца аўтарам вялікага кола публіцыстычных матэрыялаў і каля 50 навуковых прац па пытаннях палітыкі, культуры, трансфармацы і адукацыі.

У 2020 годзе абраны дэлегатам платформы народных прадстаўнікоў «Сход». Таксама ён быў першым кіраўніком Рады Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь», якая аб’ядноўвала грамадскіх дзечоў і арганізацыі, што падтрымліваюць праеўрапейскае развіццё Беларусі.

Вадалажская называе Мацкевіча сваім настаўнікам

Чаму супрацоўнікі КДБ прыйшлі да інтэлектуалаў Мацкевіча, Вялічкі і Вадалажскай? (дапоўнена)
Таццяна Вадалажская. Фота: facebook.com/liatuchy

Таццяна Вадалажская — метадолаг і сацыёлаг, кандыдат сацыялагічных навук і старшы аналітык Цэнтра еўрапейская трансфармацыі. Эксперт Агенцтва гуманітарных тэхналогій і каардынатар праграмы стварэння «Лятучага ўніверсітэта».

Таццяне 47 год, яна нарадзілася ў Мінску. У 1996 годзе скончыла аддзяленне сацыялогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1996-2007 гадах працавала ў Інстытуце сацыялогіі НАН Беларусі. Даследавала пытанні станаўлення і трансфармацыі нацыянальнай і грамадзянскай ідэнтычнасці.

У 2005 годзе Таццяна далучылася да праграмнай дзейнасці філосафа Уладзіміра Мацкевіча. Лічыць яго сваім настаўнікам. Акрамя гэтага, у 2007 годзе Таццяна стала стыпендыяткай спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

З 2010 года з’яўляецца старшым аналітыкам незалежнага аналітычнага Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі — ён уваходзіць у кансорцыум «ЕўраБеларусі». Таццяна — аўтар даследаванняў і аналітычных дакументаў, накіраваных на развіццё і ўзмацненне беларускай грамадзянскай супольнасці.

Вялічка быў адным лідараў грамадзянскай супольнасці Беларусі

Чаму супрацоўнікі КДБ прыйшлі да інтэлектуалаў Мацкевіча, Вялічкі і Вадалажскай? (дапоўнена)
Улад Вялічка. Фота: npbelarus.info

Улад Вялічка 12 год узначальваў міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь». Аднак па інфармацыі яго калег, апошнія гады ён не займаўся грамадскай дзейнасцю і працаваў у кірунку міжнароднага кансалтынга.

Улад нарадзіўся ў 1973 годзе ў Мінску, скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта. Меў дачыненне да стварэння шэрагу грамадскіх арганізацый і сетак, працаваў менеджэрам, займаўся пытаннямі міжнароднага супрацоўніцтва, арганізацыйнага развіцця, маніторынгу і ацэнкі, а таксама забяспечваў ўдзел арганізацый грамадзянскай супольнасці ў ініцыятыве ЕС «Усходняе партнёрства».

Што адбылося пасля вобшукаў?

Каля 17-й  гадзіны стала вядома, што сацыёлага Таццяну Вадалажскую перавялі ў ІЧУ на Акрэсціна. Каардынатарка Лятучага ўніверсітэта затрыманая на 10 сутак паводле крымінальнай справы. Аб гэтым паведаміў БелаПАН генеральны дырэктар міжнароднай няўрадавай арганізацыі “ЕўраБеларусь” Андрэй Ягораў.

Жонка Улада Вялічкі паведаміла, што ў ппастанове аб вобшуку было пералічана 17 артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Улад быў затрыманы ў якасці падазраванага.

Дапоўнена: Улад Вялічка сёння, а 21-й гадзіне, выйшаў на волю. Аб гэтым паведаміла яго жонка. Зараз ён знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні, допыты па справе працягнуцца.

Раніцай 5 жніўня стала вядома, што Уладзімір Мацкевіч знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна. Пра гэта паведаміў Андрэй Ягораў

Поделиться ссылкой: