Мікалай Казлоў

У судзе Ленінскага раёна Мінска 3 жніўня пачаўся суд над cтаршынёй Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), сябрам асноўнага складу Каардынацыйнай рады Мікалаем Казловым. Яго судзяць за разгалошванне дадзеных па крымінальнай справе супраць Каардынацыйнай рады, але канкрэтныя эпізоды абвінавачвання невядомыя.

Раней Казлоў некалькі разоў адмаўляўся даваць падпіску аб неразгалошванні пасля допытаў у СК па крымінальнай справе супраць Каардынацыйнай рады. За гэта яго ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці.

Суддзя Таццяна Шоцік зрабіла суд закрытым, абгрунтоўваючы гэта тым, што “ў матэрыялах крымінальнай справы ўтрымліваюцца дадзеныя папярэдняга следства, якія не падлягаюць разгалошванню”. Як паведамляюць праваабаронцы, Казлоў заяўляў суддзі адвод, але яна яго адхіліла. Лідару АГП пагражае штраф або да трох месяцаў арышту.

Праваабаронцы распавялі, што адбывалася на судзе над палітыкам, пакуль працэс не зрабілі закрытым.

“Улічваючы больш за 1,5 тысячы сутак арышту, вар’яцкую колькасць штрафаў, я пры ўсім сваім жаданні не магу разлічваць на тое, што ў адносінах да мяне суд будзе бесстароннім.”

На судзе Мікалай Казлоў сказаў, што не давярае суду, і заявіў адвод суддзі Шоцік:

Не, суду я не давяраю з той прычыны, што перад тым, як патрапіць у гэты суд, я вывучыў адкрытыя крыніцы, якія тычыліся Высокага суда, і прыйшоў да высновы, што суд кіруецца не вяршэнствам права, а “калі не да законаў”. Улічваючы больш за 1,5 тысячы сутак арышту, вар’яцкую колькасць штрафаў, я пры ўсім сваім жаданні не магу разлічваць на тое, што ў адносінах да мяне суд будзе бесстароннім і імкнуцца хоць бы дайсці да сутнасці і выконваць закон. У мяне цвёрдае перакананне, што такога я ў судзе не ўбачу. Таму я, канешне, не давяраю”.

Але суддзя Таццяна Шоцік пасля некалькіх хвілін у дарадчым пакоі з сабой прыйшла да высновы, што не давяраць ёй няма падставаў.

“Нічога сакрэтнага я не выдаў”

Лідар АГП заявіў хадайніцтва аб запатрабаванні матэрыялаў адміністрацыйнай справы па арт. 24.3 КоАП, па якой яго арыштавалі на 15 сутак за непадпарадкаванне патрабаванням следчага Партызанскага раёна.

Гэта патрэбна для таго, каб вызначыць, ці з’яўляюцца чальцы следчай групы засакрэчанымі людзьмі. У адкрытым пасяджэнні былі прадстаўлены дакументы з пералікам усёй следчай групы, якая займаецца крымінальнай справай Каардынацыйнай рады. Аналізуючы заключэнне, я так разумею, што гэта адзін з эпізодаў, які мне інкрымінуюць. Мне не зразумела, чаму яна там знаходзіцца. Усе дадзеныя следчай групы былі прадстаўлены ў адкрытым адміністрацыйным судовым пасяджэнні. Я лічу, што гэта мае значэнне па гэтай справе. Гэта можа абвергнуць тое, што мне спрабуюць паставіць у віну цяпер”, — растлумачыў Мікалай Казлоў.

Суддзя Таццяна Шоцік адхіліла хадайніцтва.

На гэта палітык вельмі абурыўся ў зале суда: “Нічога сакрэтнага я не выдаў. І мне дзіўна, што Высокі суд не хоча гэты доказ далучыць да крымінальнай справы. Я яшчэ раз заклікаю Высокі суд быць аб’ектыўным і непрадузятым і даследаваць усе доказы. І не абмяжоўвацца нейкімі паперамі, якія не маюць адносінаў да матэрыялаў гэтай справы і дадзенай сітуацыі”.

На гэтую прамову суддзя толькі сказала, што заўвагі абвінавачанага занесены ў пратакол судовага паседжання.

“Гэтая справа ставіць сваёй мэтай пакараць мяне за палітычную дзейнасць”

На судзе так і не было сказана, у чым канкрэтна абвінавачваюць Мікалая Казлова, бо да агучвання абвінавачвання пракурор заявіў хадайніцтва аб правядзенні судовага следства ў закрытым рэжыме. Палітык катэгарычна выказаўся супраць гэтага:

“Я лічу, што гэта справа палітычна матываваная, сфабрыкаваная і ставіць сваёй мэтай проста пакараць мяне за маю палітычную дзейнасць. Гэта ганебная справа і для следчага, які будаваў яе, і для пракурора, які знаёміўся з гэтай справай, якая тым не менш знаходзіцца ў судзе. Нічога сакрэтнага мы не разглядаем. Неабходнасці ў закрытым судовым паседжанні абсалютна няма”.

Адвакатка падтрымала свайго падабароннага і заявіла, што судовае следства павінна быць празрыстым і адкрытым.

Тым не менш суддзя Таццяна Шоцік прыняла рашэнне закрыць разгляд крымінальнай справы супраць палітыка Мікалая Казлова, абгрунтоўваючы гэта тым, што “ў матэрыялах крымінальнай справы ўтрымліваюцца дадзеныя папярэдняга следства, якія не падлягаюць разгалошванню”.

Поделиться ссылкой: