Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

У клінінгавай кампаніі мінчук заказаў уборку кватэры. Прыйшла маладзіца, сказала, што для работы ёй трэба некалькі гадзін. Гаспадар сышоў. Калі вярнуўся, дык убачыў, што ў кватэры не прыбрана, на стале шклянкі і ежа з ягонай лядоўні, а сама «прыбіральшчыца» п’яная спіць у ложку.

 

Вельмі хочуць кавалеры
(А яны – халасцякі),
Каб у доме ці кватэры
Быў парадак хоць які,
Каб было не сорам даму
Запрасіць туды на ноч,
Цалкам выканаць праграму,
Сексу бурнага апроч.
Дужа нудная работа –
Чысціць-мыць – для мужыка.
Як самому неахвота,
Хай жаночая рука
Пашаруе ўсю падлогу
І парадак навядзе.
На падмогу, дзякуй богу,
Прыйдуць фірмы дзе-нідзе.
Безумоўна, у сталіцы
Ёсць падобныя якраз.
На паслугі маладзіцы
Халасцяк зрабіў заказ.
Прыбыла і заявіла:
– Трэба мне гадзіны тры,
І ў кватэры будзе міла,
Зазіхціць усё ўнутры.
Можаш потым дзеўку весці –
Ты ж, як бачу, лавелас…
Ля ракі ці ў парку дзесьці
Пагуляй у гэты час.
Каб праз дзве ці тры гадзіны
Быў усюды бляск і шык,
З прапановаю жанчыны
Пагадзіўся той мужык:
– Я гатовы хоць да ночы
Свой працягваць праменад!
Ды на лоб палезлі вочы,
Як вярнуўся ён назад.
Алкаголь адчуў з парога,
А ў жытле такі ж «дэкор»:
Непамытая падлога,
Непрыбраны калідор.
А на кухні – доказ п’янкі
(Зазірнуў найперш туды):
На стале – пустыя шклянкі,
Рэшткі нейкае яды.
Прыглядзеўся – млосна стала,
Не зваліўся ледзьве з ног:
То ж яго кавалак сала,
Што на вечар прыбярог!
Адчыніў лядоўню. Пуста.
Нават яек там няма.
Дзе ж сама яна, распуста,
Маладзіца-халтама?
Вунь яна – ляжыць у ложку
І мармыча:
– Лавелас,
Захацела выпіць трошку –
Сербанула твой запас.
Ну а што датычыць дзеўкі,
Замяніць яе магу…
Выглядала ўжо як здзекі,
Калі голую нагу
«Лавеласу» паказала,
Іранічна дадала:
– Вось табе ўзамен за сала…
Не хапіла проста зла,
І прагнаў яе з кватэры.
Засмуціўся дужа ён,
Бо застаўся без вячэры
І без чаркі, што на сон.

***
Бедачыне не да жартаў,
Дык і я скажу ўсур’ёз,
Што яму жаніцца варта:
Жонка – лепшы пыласос.

Рогі – гэта прыгожа

А я вам параду падкіну,
Жанкі і дзяўчаты:
Не варта даводзіць мужчыну,
Што ён не рагаты,
Бо гэта, магчыма, ні трохі
Вам не дапаможа;
А лепей давесці, што рогі –
Надзвычай прыгожа…

Выпіць хочацца

То небяспека, то пагроза,
То слёзы льюцца ад бяды…
Як на жыццё глядзець цвяроза,
Дык выпіць хочацца заўжды.

Смак пельменяў

Хто без жонкі і без мамы,
Той засвоіць добра змог:
Чым смачней пельмені з крамы,
Тым ніжэй жыцця парог…

Публікацыя – з № 58 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»