Кіева-Магілянская акадэмія

Беларускія студэнты, якіх выключылі з вышэйшых навучальных устаноў Беларусі за ўдзел у акцыях пратэсту, могуць атрымаць стыпендыю міжнароднага фонду «Адраджэнне» на навучанне паводле трох адукацыйных праграм у адным з найбольш прэстыжных універсітэтаў Украіны – Кіева-Магілянскай акадэміі.

Як паведамілі ва ўніверсітэце, гэтую ініцыятыву Кіева-Магілянская акадэмія рэалізуе ў партнёрстве з міжнародным фондам «Адраджэнне» і беларускай арганізацыяй ва Украіне Free Belarus Center.

Студэнты могуць далучыцца да змешанага вочна-завочнага фармату навучання ў якасці слухачоў у трох праграмах:

  • міні-спецыялізацыі (пасля 10 месяцаў навучання выдаецца сертыфікат),
  • вывучэнне курсу «Украінская мова ў кантэксце» (4 месяцы навучання),
  • выбар дысцыплін паводле ўласных прыярытэтаў цягам двух ці аднаго семестраў (навучанне ад 4 да 10 месяцаў).

Заяўкі ад беларускіх студэнтаў будуць прымаць да 27 жніўня, а падвядзенне вынікаў на атрыманне стыпендыяльнай падтрымкі адбудзецца 30–31 жніўня.

У лістападзе 2020 года нацыянальны ўніверсітэт «Кіева-Магілянская акадэмія» распрацаваў спецыяльную праграму навучання для беларускіх студэнтаў, выключаных з вышэйшых навучальных установаў у Беларусі за сваю актыўнасць.

У прыватнасці, беларускім студэнтам прапанавалі праграму паступлення на першы курс і працяг навучання з другога курса паводле бакалаўрскіх і магістарскіх праграм той жа вартасці, што і для ўкраінскіх студэнтаў.

У верасні 2020 году выкладчыкі, студэнты, супрацоўнікі і выпускнікі Кіева-Магілянскай акадэміі заявілі пра салідарнасць з грамадзянамі Беларусі, якія выйшлі на мірныя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый на выбарах. Асобна яны выказалі падтрымку студэнтам, якіх пачалі пераследаваць нават ва ўніверсітэтах.

«Мы, магілянцы, былі сярод ініцыятараў і актыўных удзельнікаў Аранжавай рэвалюцыі і Рэвалюцыі годнасці. Мы ведаем, што кожны чалавек мае права на свабоду і годнасць. Мы перакананы, што кожны чалавек мае права абараняць і абараняцца, калі гэтыя асноўныя прынцыпы парушаюцца», – адзначалася ў заяве.

Кіева-Магілянская акадэмія мае 400-гадовую гісторыю і цяпер ужо статус нацыянальнага ўніверсітэта. Званне ганаровага доктара гэтай установы мае Святлана Алексіевіч, выбітная беларуская пісьменьніца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры 2015 года.

Алена ЛІТВІНАВА

Публікацыя – з № 58 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: